«Вясна»: на акцыі ў падтрымку блогера Ціханоўскага затрымалі 14 чалавек

Блогер Сяргей Ціханоўскі ў гомельскім судзе ў 2019 годзе

У Менску і Магілёве, а потым у Гомлі ўвечары 6 траўня сабраліся некалькі дзясяткаў чалавек — прыхільнікаў аўтара каналу «Страна для жизни» блогера Сяргея Ціханоўскага.

Раней 6 траўня міліцыя затрымала Сяргея Ціханоўскага ў Магілёве.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляе ў сваім Telegram-канале, што ў Менску затрымалі 14 чалавек і што іх білі: кагосьці пры затрыманьні, кагосьці ў аўтобусе. Цяпер усе яны знаходзяцца ў РУУС Цэнтральнага раёну.

«Вясна» падае наступны сьпіс затрыманых:

  • Мацкевіч Міраслаў
  • Ахрамчук А. С.
  • Калінін Е. Г.
  • Калінін Д. Г.
  • Жураў С. А.
  • Старыкаў А. П.
  • Снегіроў Б. Е.
  • Сіняўскі Д. А.
  • Грабянчук В. М.
  • Урублеўскі В. Г.
  • І яшчэ чатыры чалавекі.

У Магілёве некалькі дзясяткаў чалавек сабраліся каля пастарунка, дзе, імаверна, знаходзіўся затрыманы Сяргей Ціханоўскі. Празь нейкі час ім сказалі, што Ціханоўскага этапавалі ў Гомель. Людзі ў Гомлі сабраліся каля ізалятару часовага ўтрыманьня. Пра затрыманьні ў Гомлі і Магілёве не паведамлялася.

Сяргей Ціханоўскі, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни», другі месяц езьдзіць па беларускіх гарадах на аўтадоме, здымае рэпартажы і вядзе стрымы. На 9 траўня ён з падпісчыкамі заплянаваў у Бабруйску «АнтыПарад».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Блогера Ціханоўскага, які абвясьціў на 9 траўня «АнтыПарад», затрымала міліцыя