Саакашвілі ўзначаліў Выканаўчы камітэт Рады рэформаў Украіны

Міхэіл Саакашвілі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі прызначыў былога губэрнатара Адэскай вобласьці і экс-прэзыдэнта Грузіі Міхэіла Саакашвілі кіраўніком Выканаўчага камітэту Нацыянальнай рады ў пытаньнях рэформаў.

Адпаведны ўказ быў апублікаваны ў чацьвер на сайце ўкраінскага прэзыдэнта. Зяленскі адзначыў, што шчыра віншуе Саакашвілі з гэтым прызначэньнем, а таксама спадзяецца, што ён надасьць працы Рады новы імпульс і дапаможа ў ажыцьцяўленьні важных зьмен у жыцьці краіны.

Як адзначае агенцтва «РБК Украіна», Нацыянальная рада ў пытаньнях рэформаў была створаная ў 2014 годзе і зьяўляецца спэцыяльным кансультацыйна-дарадчым органам пры прэзыдэнце краіны.

Раней паведамлялася, што Міхэіл Саакашвілі можа атрымаць пасаду ва ўрадзе. Сам былы губэрнатар заяўляў, што Ўладзімір Зяленскі прапанаваў яму пасаду віцэ-прэм’ера ў пытаньнях рэформаў. Магчымае прызначэньне Саакашвілі ў кабінэт міністраў справакавала шквал крытыкі ўнутры парлямэнцкай фракцыі «Слуга народу», а таксама ледзь ня выклікала міжнародны скандал з Грузіяй, піша РБК.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Саакашвілі пагадзіўся стаць віцэ-прэм’ерам Украіны

СМІ таксама паведамлялі, што ў Радзе не хапае галасоў для зацьвярджэньня Саакашвілі віцэ-прэм’ерам. Выданьне «Цензор.нет» пісала, што ўрад адклікаў з парлямэнту прапанову аб прызначэньні Саакашвілі на гэтую пасаду менавіта з-за недахопу галасоў.

Пазьней сам Міхэіл Саакашвілі расказаў, што яму прапанавалі заняць іншую пасаду замест намесьніка прэм’ера. Ён адзначаў, што яго плянуюць прызначыць у Раду па рэформах. Чакалася, што гэта адбудзецца 6 траўня, але рашэньне зацягнулася.

  • У Грузіі пасьля паведамленьняў пра магчымае прызначэньне Саакашвілі віцэ-прэм’ерам заявілі, што Тбілісі дагэтуль патрабуе экстрадыцыі экс-прэзыдэнта, таму яго праца ва ўкраінскім урадзе пагоршыць адносіны паміж краінамі. У Грузіі супраць палітыка, які займаў пасаду кіраўніка дзяржавы ад 2004 да 2013 году, было распачата некалькі крымінальных справаў, у тым ліку аб злоўжываньні службовым становішчам.