Пракуратура пастанавіла выдаць Турэччыне курда, які прасіў прытулку ў Беларусі

Ілюстрацыйнае фота

Праваабаронцы кажуць, што ў Турэччыне яму пагражаюць катаваньні, і просяць дапамогі ў ААН.

Грамадзяніна Турэччыны, курда паводле нацыянальнасьці Хіджры Мамаша зьбіраюцца перадаць Турэччыне, дзеля чаго перавялі з ізалятара на Акрэсьціна ў СІЗА на Валадарскага. Адпаведнае рашэньне прыняла пракуратура.

Хіджры Мамаш

Праваабаронцы кажуць, што ў Турэччыне маладому курду пагражаюць катаваньні, а магчыма, і пажыцьцёвае зьняволеньне, бо яго залічылі ў тэрарысты.

Цяпер за справу Хіджры Мамаша адказвае не Памежны камітэт, а Генэральная пракуратура, кажа беларускі адвакат Мамаша Арцём Калоша.

«Здаецца, просты перавод з адной вязьніцы ў другую. Але на юрыдычнай мове гэта азначае прыналежнасьць іншай установе і тое, што рыхтуецца хуткая выдача Хіджры Мамаша Турэччыне. Рашэньне задаволіць запыт Турэччыны прыняла Генэральная пракуратура Беларусі, адпаведны дакумэнт 23 красавіка падпісаў намесьнік генпракурора Аляксей Стук.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пагражаюць катаваньні і пажыцьцёвая турма». Турэцкі курд судзіцца зь беларускімі ўладамі за рашэньне дэпартаваць

Мой падабаронны абскардзіў гэтае рашэньне, як і пастанову Цэнтральнага раённага суду, які таксама пагадзіўся з выдачай. Спадзяюся, улады дадуць магчымасьць правесьці разгляд скаргі ў Менскім гарадзкім судзе», — сказаў Свабодзе адвакат Арцём Калоша.

Таксама ў абарону Хіджры Мамаша выступілі праваабаронцы арганізацыі Human Constanta. Адпаведны зварот з просьбай ужыць адносна Хіджры Мамаша тэрміновыя захады абароны Human Constanta накіравала ў Камітэт па правах чалавека ААН.

Актывіст прадстаўленай у турэцкім парлямэнце Дэмакратычнай партыі народаў курд Хіджры Мамаш уцёк з Турэччыны ў Ірак, бо яму пагражалі перасьледам за палітычную дзейнасьць. Пазьней малады чалавек мусіў уцячы і з Іраку, бо, як ён сьцьвярджае, турэцкія спэцслужбы выкрадаюць курдзкіх актывістаў і там. Улетку мінулага году Хіджры Мамаш паспрабаваў перабрацца ў Эўропу, дзеля чаго ў Ерэване з чужым пашпартам сеў на самалёт, які ляцеў у Бялград празь Менск. Але ў Менску Хіджры Мамаша затрымалі беларускія памежнікі, ён быў зьмешчаны ў ізалятар, дзе адразу папрасіў палітычнага прытулку і дапамогі ў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дэпартаваць у Турэччыну». Суд адхіліў скаргу курда, якому на радзіме пагражаюць катаваньні і пажыцьцёвае зьняволеньне

На пачатку году Дэпартамэнт па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі адмовіў Хіджры Мамашу ў прадстаўленьні прытулку ды прыняў рашэньне дэпартаваць яго, а ў красавіку Цэнтральны раённы суд Менску гэтае рашэньне пацьвердзіў. Між тым у маладога ўцекача з Турэччыны Хіджры Мамаша яшчэ застаецца права абскардзіць судовае рашэньне ў Менскім гарадзкім судзе. Абаронца Хіджры Мамаша адвакат Арцём Калоша даводзіць, што паводле беларускіх законаў нельга яго выдаваць краіне, дзе яму пагражаюць катаваньні.

Днямі Арцём Калоша бачыўся са сваім падабаронным у СІЗА на Валадарскага. Сустрэча праходзіла праз шкло, па тэлефоне, бо такі рэжым спатканьняў прыняты ў СІЗА ў сувязі з пандэміяй каранавірусу.

«Хіджры сказаў, што здаровы, на ўмовы ўтрыманьня ня скардзіўся, хоць прызнаў, што на Валадарскага яны больш сур’ёзныя, чым на Акрэсьціна. Ён у нармальным настроі, гатовы далей змагацца. Ужо добра разумее па-расейску», — кажа адвакат Арцём Калоша.

Паводле абаронцы, цяпер Хіджры Мамашу дапамагаюць і сваякі.

Па зьвестках Арцёма Калошы, паседжаньне Менскага гарадзкога суду, на якім маюць разгледзець скаргу Хіджры Мамаша на рашэньне аб яго дэпартацыі, яшчэ не прызначана.