Эканоміка ЗША страціла 20,5 мільёна працоўных месцаў за красавік

Пратэст супраць карантыну ў Рычмандзе (Вірджынія), ЗША

Эканоміка ЗША страціла ў красавіку рэкордныя 20,5 мільёна працоўных месцаў. Гэта найгоршы паказчык за 90 гадоў, з часоў Вялікай дэпрэсіі.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Узровень беспрацоўя вырас да 14,7%, гэта найгоршы вынік з часоў заканчэньня Другой усясьветнай вайны. Дагэтуль найгоршым пасьляваенным паказьнікам былі 10,8% у лістападзе 1982 году, паведамляе агенцтва Reuters.

Тым ня менш пасьля сёньняшняй публікацыі статыстыкі даляр умацаваўся, бо страта працоўных месцаў у красавіку склала 20,5 мільёна месцаў — а прагноз быў 22 мільёны. У выніку ўзровень беспрацоўя ніжэйшы, чым меркавалася — 14,7% супраць чаканых 16%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп: трэба перазапусьціць эканоміку, нават калі ахвяраў каранавірусу стане больш

У ЗША пацьверджаны адзін мільён 290 тысяч выпадкаў каранавірусу, 76 537 чалавек памерлі. Мадэляваньне ва Ўнівэрсытэце Вашынгтону, на якое ня раз спасылаліся прадстаўнікі Белага дому, паказвае, што да жніўня колькасьць сьмерцяў ад каранавірусу ў Злучаных Штатах можа дасягнуць 134 тысячаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пампэо: Кітай не прадухіліў сьмерці соцень тысяч, хаваючы праўду пра COVID-19