Магілёўскі суд пакараў 7 суткамі арышту эколяга, які адзін даглядае маці-інваліда

Андрэй Бодзілеў

Судзьдзя Кастрычніцкага раёну Магілёва Дзяніс Кічыгін асудзіў на 7 сутак эколяга, каардынатара ініцыятывы «За здаровы Магілёў» Андрэя Бодзілева.

Падчас працэсу Бодзілеў прасіў не ўжываць адміністрацыйнага арышту, бо ён даглядае састарэлую маці, інваліда ІІ групы. Судзьдзя просьбу праігнараваў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналіста Алеся Асіпцова асудзілі на 10 сутак арышту. Ён трымае галадоўку

Андрэя Бодзілева абвінавачваюць у тым, што 5 траўня на Віцебскім праспэкце, калі натоўп адбіваў аднаго з чальцоў каманды «Страна для жизни», ён рабіў здымкі. Пры тым, што з апэратыўнага відэа, якое глядзелі ў судзе, вынікае, што эколяг нічога не гаварыў, не заклікаў да дзеяньняў, яму інкрымінавалі «актыўны ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве». На пошук адваката актывісту далі адну гадзіну часу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да 25 сутак. Затрыманых перад парадам асудзілі на штрафы і арышты

Паралельна ў Бабруйску судзяць актывістаў, якіх затрымалі 9 траўня падчас антыпараду, ініцыяванага блогерам Сяргеем Ціханоўскім. Іх прывезьлі ў суд напярэдадні, але працэсы так і не пачаліся.