Блогера Ўладзімера Няронскага ня выпусьцілі з ІЧУ — дадалі яшчэ 5 сутак арышту

Аляксандар Арановіч (зьлева) і блогер Уладзімер Няронскі

Сёньня мусіў вызваліцца з ІЧУ ў Пухавічах блогер Уладзімір Няронскі (YouTube-канал «Слуцк для Жизни»). Ён адбываў там пакараньне — 10 сутак арышту за «удзел у несанкцыянаваным мітынгу».

Тэрмін пакараньня скончыўся 16 траўня. Але аказалася, што блогеру дадалі яшчэ 5 сутак арышту.

Свабодзе паведамілі ў Пухавіцкім РАУС, што Ўладзімір Няронскі будзе адбываць у ізалятары яшчэ пяць сутак арышту «па пастанове суду», Калі менавіта быў суд, па якім артыкуле зноў асудзілі блогера — у міліцыі адмовіліся сказаць.

Уладзіміра Няронскага судзілі ў Магілёве 8 траўня за «арганізацыю несанкцыянаванага мітынгу з публічным абмеркаваньнем улады». Так міліцыя расцаніла сустрэчу жыхароў Магілёва з камандай блогера Сяргея Ціханоўскага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каго затрымалі за пратэст супраць параду падчас пандэміі. Сьпіс

Няронскага з паплечнікамі — Арцёмам Сакавым і Аляксандрам Арановічам затрымалі 6 траўня ў пасёлку Дружны.

Арцём Сакаў быў пакараны арыштам на 5 сутак, Аляксандр Арановіч — на шэсьць.

У сакавіку суд караў Уладзіміра Няронскага штрафам у памеры 540 рублёў за сустрэчу з падпісчыкамі, якую міліцыя расцаніла як «несанкцыянаванае мерапрыемства».

Вядомы блогер Сяргей Ціханоўскі (канал «Страна для Жизни») адбывае арышт у 15 сутак у гомельскім ІЧУ. Па ўсёй краіне прайшлі затрыманьні і суды над яго прыхільнікамі, якія прыходзілі на сустрэчы ў розных гарадах з блогерам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Частку затрыманых з каманды блогера Ціханоўскага вызвалілі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Здымаў кліпы, хоча быць прэзыдэнтам. Хто такі Сяргей Ціханоўскі, на якога два дні палявала міліцыя

Ціханоўскі меў намер балятавацца ў прэзыдэнты, але ЦВК не зарэгістраваў яго ініцыятыўную групу. Дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы падала жонка Ціханоўскага Сьвятлана.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ужо 34 «кандыдаты ў кандыдаты». Хто падаў дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў