Беларусь хоча пазычыць 3 мільярды даляраў, — міністар фінансаў

Міністар фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч.

Беларусь вядзе перамовы аб прыцягненьні 3 млрд даляраў вонкавых рэсурсаў, заявіў міністар фінансаў краіны Максім Ермаловіч у эфіры тэлеканалу АНТ.

«Калі сумарна ўсё ацаніць, то на сёньня ў перамоўным парадку Міністэрства фінансаў і Нацыянальнага банку знаходзіцца сума, эквівалентная 3 млрд даляраў», — адзначыў міністар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці перастануць Беларусі даваць крэдыты ў эпоху пандэміі і да чаго гэта прывядзе? Разьбіраемся з экспэртамі

Беларусь разьлічвае на маштабнае прыцягненьне замежных рэсурсаў для падтрымкі і стымуляваньня эканомікі ва ўмовах рэцэсіі на фоне глябальнай пандэміі каранавірусу.

Раней першы віцэ-прэм’ер Беларусі Дзьмітры Круты ацэньваў патэнцыял запазычаньняў на ўзроўні 2-2,5 млрд даляраў. Паводле Максіма Ермаловіча, грошай трэба больш, прыкладна 3 млрд даляраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусі трэба 2,5 млрд даляраў на аплату доўгу. Менск зьвярнуўся па новыя крэдыты МВФ і Кітаю

Рэйтынгавае агенцтва Fitch паведаміла, што Беларусь падала заяўку на хуткае фінансаваньне з боку МВФ, а таксама вядзе перамовы аб двухбаковых пазыках з Кітаем.

14 траўня Аляксандар Лукашэнка спытаў у кіраўніка ўраду Сяргея Румаса, якая сытуацыя ў сфэры дзяржаўнага доўгу. Сам Лукашэнка разьлічвае на фінансавыя паступленьні з боку міжнародных арганізацый, у першую чаргу МВФ.

«Я даручаў ураду найперш заняцца гэтымі пытаньнямі. Ну і іншыя міжнародныя банкаўскія арганізацыі, якія ня супраць нас прафінансаваць у гэты час, у тым ліку ў ахове здароўя», — сказаў ён.

13 траўня кіраўнік Нацыянальнага банку Беларусі Павал Калавур заявіў, што перамовы з МВФ працягваюцца, а тэрміны дасягненьня дамоўленасьцяў пакуль неакрэсьленыя.

«Цяпер Беларусь знаходзіцца ў працэсе дыялёгу з пэрсаналам Міжнароднага валютнага фонду. Яны ацэньваюць сытуацыю, якая склалася ў Беларусі, мы параўноўваем нашыя прагнозы. Таму ідзе звычайны руцінны дыялёг», — сказаў банкір падчас онлайн-брыфінгу.