Бюджэтнікам будуць плаціць «мінімалку» ў выпадку прастою ці няпоўнай занятасьці. Гэта 375 рублёў

Работнікам бюджэтных арганізацый у Беларусі, у выпадку вымушанай няпоўнай занятасьці або абвяшчэньня прастою, будуць выплочваць зарплату не ніжэй за мінімальную (цяпер гэта 375 рублёў), заявіў міністар фінансаў Максім Ермаловіч, паведамляе БелТА.

«Даплаты будуць зробленыя за кошт бюджэту. Але толькі на розьніцу паміж тым, што выплочвае сама арганізацыя, і мінімальнай заработнай платай», — удакладніў Ермаловіч.

Паводле ягоных слоў, Аляксандар Лукашэнка падтрымаў адпаведны праект указу па заробках у бюджэтнай сфэры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У красавіку і траўні 83 тысячы чалавек сутыкнуліся з вымушанай няпоўнай занятасьцю. За ўвесь 2019 год — 71 тысяча

Як адзначыў міністар, абʼекты сацыяльнай інфраструктуры ў Беларусі (найперш установы спорту, культуры, аховы здароўя), акрамя бюджэтных, выконваюць шэраг платных паслуг. Але на фоне распаўсюджваньня каранавірусу наведвальнасьць бюджэтных установаў скарацілася, гэтаксама як даходы за кошт платных паслуг насельніцтву. У гэтых умовах ім неабходная дадатковая падтрымка, аднак даваць яе будуць «ва ўмовах жорсткіх бюджэтных абмежаваньняў», падкрэсьліў Ермаловіч.

У цэлым Ермаловіч мяркуе, што гэтая мера часовая і што большай частцы арганізацый не спатрэбяцца дадатковыя грошы зь бюджэту. «Адбудзецца пераразьмеркаваньне. Дзесьці зэканомім нейкія выдаткі па іншых напрамках», — сказаў міністар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амаль у паловы беларусаў з прычыны пандэміі ўпалі даходы, — апытаньне