Лукашэнка спрагназаваў, калі запрацуе эканоміка, якая пацярпела ад каранавірусу ў Беларусі і сьвеце

Аляксандар Лукашэнка і Віктар Шэйман

Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў падтрымаць працоўныя калектывы з улікам распаўсюду каранавірусу. На гэта ён зьвярнуў увагу ў часе дакладу кіраўніка спраў прэзыдэнта Віктара Шэймана.

Лукашэнка пацікавіўся ў Шэймана сытуацыяй у падначаленых прэзыдэнцкай структуры прадпрыемствах, наколькі і на іх дзейнасьці адбілася пандэмія.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: «Гістэрыя з каранавірусам наклала вельмі жорсткі адбітак на эканоміку» 

Як піша БелТА, агулам у падпарадкаваньні Кіраўніцтва справамі больш за 100 рознапрофільных установаў.

«Гэта працоўныя калектывы, гэта тысячы людзей. Выказваюцца просьбы дзесьці падтрымаць, бо эканоміка спынілася, межы закрыліся, турыстычныя патокі прыпыніліся. Нам ні ў якім разе нельга страціць людзей», — заявіў Лукашэнка, адзначыўшы, што трэба падтрымаць людзей хаця б на той час, пакуль у сьвеце не адновіцца эканоміка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бюджэтнікам будуць плаціць «мінімалку» ў выпадку прастою ці няпоўнай занятасьці. Гэта 375 рублёў

«Гэта не ад нас залежыць. Думаю, за пару-тройку месяцаў эканоміка запрацуе і ў суседзяў, і ў Расеі, і гэтак далей. Людзі пачнуць перамяшчацца. Але вось гэтыя месяцы трэба, вядома, падтрымаць працоўныя калектывы», — сказаў ён.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ