Цапкала ў Горадні: Дайце нам 10 мільярдаў, і мы закрыем атамную электрастанцыю

Валер Цапкала ў Горадні 5 чэрвеня

Валер Цапкала сустрэўся з жыхарамі Горадні на Савецкай плошчы 5 чэрвеня. Ён адказаў на пытаньні гарадзенцаў пра АЭС, беларускую мову і войска.

На сустрэчу з патэнцыйным кандыдатам у прэзыдэнты прыйшло больш за сотню чалавек.На пытаньне, як ён ставіцца да беларускай мовы, Цапкала ў адказе ўжыў толькі адзін выраз па-беларуску — «матчына мова», астатняе было па-расейску. Ён адзначыў, што ў школе па беларускай мове меў «5» па 5-бальнай сыстэме, а па расейскай мове — «4».

«Я, канечне, абяцаю, што буду падцягваць. Я крышку саромеюся пакуль размаўляць, але мне трэба гэты недахоп... Я ўрачыста абяцаю, што я яго вельмі-вельмі хутка ліквідую. Проста не было неабходнасьці ў працы. Я цяпер разумею, што неабходна будзе ў будучыні паказваць прыклад выкарыстоўваньня нацыянальнай мовы», — паабяцаў вылучэнец у кандыдаты ў прэзыдэнты.

Паслухаць патэнцыйнага кандыдата прыйшло 100–150 чалавек

Патэнцыйны кандыдат пасьля размовы фатаграфаваўся з ахвочымі

На пытаньне, чаму ён не адказаў, калі яго абразіў Аляксандар Лукашэнка, Цапкала сказаў, што ня хоча карыстацца такімі мэтадамі дыскусіі.

«Я хачу паказваць узор нармальных паводзін, нармальнай дыскусіі. Я не хачу скочвацца да такога ж узроўню і адказваць такім жа чынам», — падкрэсьліў ён.

Каманда Цапкалы сабрала 64 тысячы подпісаў, па зьвестках на 3 чэрвеня

Сам Цапкала мяркуе, што варта пакідаць подпісы за розных патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты

Цапкала лічыць, што войска павінна быць прафэсійным.

«Павінен быць конкурс у войска. Сёньня, я ўпэўнены, чалавек, які кіруе дронам, больш эфэктыўны за 10 тысяч чалавек з аўтаматам Калашнікава», — сказаў Цапкала.

На ягоную думку, мужчынам варта прысьвяціць некалькі дзён, каб навучыцца зьбіраць і разьбіраць аўтамат, страляць па мішэнях на палігоне — і гэтага дастаткова ў пляне вайсковай падрыхтоўкі.

На думку Цапкалы, Беларусь ня здолее супрацьстаяць NATO або Расеі, нават калі б аддавала ўсе сродкі на ўзбраеньне.

Выступ Цапкалы добра чулі толькі людзі, што стаялі блізка каля яго

Большасьць выступу патэнцыйнага кандыдата паўтарала ягоныя ранейшыя прамовы: пра пасьпяховы досьвед іншых краін, прыклады ягоных сяброў, доўгія адказы на кароткія пытаньні

БелАЭС Цапкала назваў сур’ёзнай праблемай.

«Я мяркую, гэта было калясальнай памылкай — пазычаць грошы ў Расеі, дзе ў нас няма ні тэхналёгій, ні сыравіны», — сказаў выступоўца.

Ён гатовы яе закрыць, калі выдаткі возьме на сябе Эўразьвяз.

«Калі гэта сур’ёзная заклапочанасьць з боку Літвы, краін Эўразьвязу... Хлопцы, дайце нам 10 мільярдаў, мы закрыем атамную электрастанцыю, мы расплацімся з Расеяй і закрыем гэтую атамную электрастанцыю», — заявіў Цапкала і выклікаў воплескі.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Валер Цапкала адказаў на пытаньне пра 900 тысяч даляраў у Ціханоўскага
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бабарыка адрэагаваў на словы «ня важна каго» пра расстрэлы і пра тое, што «краіну яны не атрымаюць»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Колькі вам заплацілі?» Як дэпутат Клішэвіч і сябры БРСМ перашкаджалі журналісту Свабоды весьці стрым зь пікету ў падтрымку Лукашэнкі