Польшча адсудзіла ў «Газпрому» 1,5 мільярда даляраў пераплаты за газ

Як паведамляе польскі энэргетычны партал Energia, кампанія PGNiG адсудзіла ў расейскага «Газпрому» кампэнсацыю пераплаты за пастаўкі сыравіны.

«Газпрому» давядзецца выплаціць польскаму боку суму ў 1,5 млрд даляраў. Адпаведнае рашэньне вынес Стакгольмскі арбітражны суд.

Грошы стануць кампэнсацыяй пераплаты польскай кампаніі за пастаўкі газу з Расеі. Бакі падпісалі дамову пра гэта на падставе асноўнага пагадненьня ад 1996 году, якое замацоўвае супрацу ў пастаўках сыравіны газаправодам «Ямал — Эўропа».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча адмовілася ад транзыту расейскага газу

«Газпром» павінен заплаціць грошы да пачатку ліпеня. Акрамя таго, надалей цана газу можа быць скарэктаваная адпаведна запыту пакупніка, адзначае ў заяве PGNiG.

У 2015 годзе кампанія пачала перамовы з «Газпромам», патрабуючы перагледзець цану на сыравіну. Стакгольмскі суд пацьвердзіў такое права польскай кампаніі і пастанавіў зьмяніць формулу разьліку кошту газавых паставак, пачынаючы ад лістападу 2014-га.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экспэрты заявілі, што газавы рынак «на дне». Беларусь лічыць, што ўдвая пераплачвае Расеі

На пераглядзе цэнаў настойвае і Беларусь, аднак пакуль што Масква ня бачыць для гэтага падставаў, прадаючы газ за максымальную цану — 127 даляраў за 1000 кубамэтраў. Улады Беларусі лічаць, што справядлівая цана ўдвая меншая.