Чаму Лукашэнка ўсё ж паедзе на парад Перамогі ў Маскву

Аляксандар Лукашэнка выступае з трыбуны падчас параду 9 траўня 2020 году

Аляксандар Лукашэнка зьбіраецца наведаць парад Перамогі ў Маскве 24 чэрвеня. Пра тое, што кіраўнік Беларусі прыняў запрашэньне Крамля, паведаміў пасол Расеі Дзьмітрый Мезенцаў. Здавалася б, ніякай сэнсацыі, звычайны факт палітычнага жыцьця. Аднак усё больш складана.

Адмову Лукашэнкі наведаць урачыстасьці ў Маскве можна было б абгрунтаваць простымі тлумачэньнямі. Маўляў, 24 чэрвеня — гэта нейкая штучная дата. Сапраўднае сьвята Перамогі, дарэчы, юбілей, прайшло 9 траўня. У Беларусі яго адсьвяткавалі годна, правялі парад. А ў Маскве адмовіліся, спужаліся нейкага каранавірусу. Ну дык і заставайцеся з сваім баязьліўствам.

Аднак тое, што адсутнасьць Лукашэнкі ў Маскве была б палітычным дэмаршам перад Пуціным, паўбяды. Больш важна, што такім крокам кіраўнік Беларусі сапсаваў бы свой вобраз сапраўднага спадкаемцы Перамогі ў вачах расейскай імпэрскай, патрыятычнай публікі. Уласна, з разьлікам на яе ён і правёў парад 9 траўня. Тым больш што ў расейскую сталіцу прыяжджаюць усе лідэры краін СНД. І адсутнасьць Лукашэнкі выглядала б вельмі кепска.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галоўны сэнс менскага параду — уцерці нос Пуціну

А вось зьяўленьне кіраўніка Беларусі ў Маскве дае яму дадатковыя іміджавыя дывідэнды. Ён прыяжджае туды пераможцам над Пуціным. Правёўшы парад у Менску 9 траўня, ён уцёр нос расейскаму лідэру, выставіў таго слабаком, які ў такі дзень схаваўся ад каранавірусу ў бункеры. Такім чынам Лукашэнка прадэманстраваў, хто насамрэч галоўны захавальнік савецкіх традыцый.

Другі аспэкт. Днямі беларускія ўлады часова захапілі «Белгазпрамбанк», 99% акцый якога належаць «Газпрому» і «Газпромбанку» — захапілі, нягледзячы на газпромаўскія пратэсты. «Газпром» — гэта ня меншы сымбаль Расеі, чым ідэя Перамогі ў мінулай вайне. І вось на тле гэтага захопу расейскай маёмасьці Лукашэнка наведае Маскву. Фактычна ў вобразе падвойнага сымбалічнага пераможцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парад падчас чумы ў Менску — «Трыюмф волі» і «поўха Пуціну»

І апошняе. Паездка ў Маскву мае адбыцца ў напружаны палітычны момант. У Беларусі перадвыбарчая кампанія. І праходзіць яна даволі драматычна. Большасьць незалежных прагнозаў прадказваюць дзейнаму кіраўніку электаральную паразу.

І ў такі момант Лукашэнка не баіцца пакідаць Беларусь. Бо, як вядома, у недэмакратычных рэжымах дзяржаўныя перавароты часта здараюцца ў адсутнасьць уладара ў краіне.

Такім чынам, гэтай паездкай у Маскву Лукашэнка імкнецца прадэманстраваць, што цалкам кантралюе сытуацыю, упэўнены ў сваёй уладзе і паказвае гэтую ўпэўненасьць як беларускаму грамадзтву, намэнклятуры, так і замежным суб’ектам.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.