«Вусьцішна, усе хаваюцца за маскі». Як зьмяніліся Бялынічы за месяц масачнага рэжыму

Рэаліі Бялынічаў: маскі і абвесткі пра іх

Месяц таму ў Бялыніцкім раёне на Магілёўшчыне ўвялі абавязковы масачны рэжым. Распараджэньне райвыканкаму стала нечаканасьцю, бо афіцыйна пра ўспышку каранавірусу тут не паведамлялася. Зьвесткі пра колькасьць заражаных таксама не былі вядомыя.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Свабода даведалася, як зьмянілася эпідэміялягічнае становішча ў 10-тысячным райцэнтры, які рыхтуюць да сьвяткаваньня Дня пісьменства.

«Першыя дні масачны рэжым выконвалі строга»

Масачны рэжым Бялыніцкі райвыканкам увёў з 3 чэрвеня. Згодна з афіцыйным распараджэньнем, наведнікі ўстановаў і арганізацыяў абавязаныя выкарыстоўваць сродкі індывідуальнай засьцярогі органаў дыханьня ды мяняць іх кожныя тры гадзіны. У раёне таксама забаранілі выязны гандаль.

У Бялынічах

Эпідэміялягічнае становішча ў раёне чыноўнікі месяц таму назвалі «няўстойлівым», але пра колькасьць выяўленых выпадкаў заражэньня не паведамілі. Статыстычныя зьвесткі пра тое, як зьмянілася сытуацыя з каранавірусам пасьля ўвядзеньня масачнага рэжыму, у даступных крыніцах дагэтуль адсутнічаюць.

Мясцовыя жыхары расказваюць, што патрабаваньні масачнага рэжыму ў Бялынічах выконваліся «першыя некалькі дзён». Далей справа пайшла звычайнай сваёй хадою. У масках ходзяць тыя, хто непакоіцца за сваё здароўе, альбо тыя, хто на ўласным досьведзе зьведаў, што такое каранавірус. Так гаворыць адна з суразмоўцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка абвясьціў перамогу над каранавірусам у Беларусі

Сама яна маску носіць дагэтуль.

«У ёй спакайней, — лічыць жанчына, — Яна надае ўпэўненасьці, што сам застаесься здаровы ды нікога не заразіш, бо навошта грэх браць на душу».

Ёсьць крамы з катэгарычнымі абвесткамі

Наступны суразмоўца, малады мужчына, настойвае, што ў Бялынічах пандэмія закранула шмат людзей.

«Дакладнай колькасьці пацярпелых улада простаму люду не назаве, каб не палохаць», — мяркуе ён. Спадар спадзяецца, што масачны рэжым палепшыў эпідэміялягічную сытуацыю ў горадзе.

«А калі б яшчэ патрабаваньні людзі выконвалі як мае быць, то заражэньняў было б яшчэ меней», — падсумоўвае ён.

«Калі чалавек носіць маску тыдзень і яна становіцца чорнай, то які сэнс ад яе»

На ўваходзе ў крамы вісяць абвесткі з нагадваньнем, што наведніку варта быць у масцы. Людзі паслухмяна выконваюць патрабаваньне ў краме, а выйшаўшы, тут жа маску здымаюць ці сьцягваюць на падбародзьдзе.

Адна з такіх наведніц, пажылая жанчына, кажа, што цяпер у Бялынічах «стала вусьцішна, бо ўсе хаваюцца за маскі». Кабета, як і ўсе, дысцыплінавана «чапляе яе, заходзячы ў краму», хоць пэўна ня ведае, ці абароніць яна ад хваробы. На вуліцы ж здымае, «каб надыхацца паветрам».

У Бялынічах

«Кажуць, што апошнім часам хвароба пайшла на спад, — з надзеяй адзначае яна. — Я непадалёк ад лякарні жыву, дык бачу, што радзей зь яе сталі выяжджаць машыны хуткай дапамогі».

Уладальнікі і гандляры ў крамах неадназначна ўспрымаюць масачны рэжым. Некаторыя яго разглядаюць як рэкамэндацыю і не патрабуюць ад наведнікаў быць у масцы. Усё гэта індывідуальна, кажуць яны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галоўная праваабаронца ААН: Беларусь прымяншае сур’ёзнасьць пандэміі COVID-19

«Маска мае сэнс, калі 100 % насельніцтва іх выкарыстоўвае, і мяняць трэба кожныя дзьве гадзіны на новую, — сьцвярджае ўладальнік адной з крамаў. — А калі чалавек носіць яе тыдзень і яна становіцца чорнай, то які сэнс ад яе? Я падлічыў, што, каб забясьпечыць работнікаў усім неабходным, мне на месяц патрэбна прыкладна 700 рублёў. Я не пацягну такіх выдаткаў. Маска ж не каштуе, як раней, 20 капеек. Яе цана сягае рубля і вышэй».

Галоўны доктар: «Тры тыдні таму паступалі 12-14 чалавек з пнэўманіямі за суткі, а цяпер адзін»

Двор раённай лякарні бязьлюдны. З вакон выглядаюць пацыенты. Некаторыя зь іх часта кашляюць. На стаянцы некалькі машын. Гэта родзічы наведаліся зь перадачамі да сваіх хворых.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ніхто не пытае пра COVID, усім і так зразумела, што гэта ён». Як цяпер хварэюць і лекуюцца з COVID-19

У адной з суразмоўцаў у лякарні бацькі з пацьверджаным каранавірусам. Да іх яна прыяжджае ўжо ня першы тыдзень.

Цэнтральная раённая лякарня. На двары і на станцыі бязьлюдна

«Жыву ў чаканьні вестак — і добрых, і благіх. Ды ці адна я такая», — неахвотна дзеліцца неспакоем жанчына.

Яна кажа, што з гутарак зь лекарамі, а таксама з таго, што ля інфэкцыйнага аддзяленьня няма чаргі, а на стаянцы менее машын у выхадныя, зрабіла выснову, што хворых паменела.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паніка, незадаволенасьць». Хворы на пнэўманію расказаў, як яго тэрмінова выпісалі з бальніцы

Галоўны доктар лякарні Павал Манько дапускае, што масачны рэжым палегчыў працу мэдыкам. Паводле яго, захваральнасьць зьмяншаецца як у раёне, так і ў цэлым па вобласьці. Маска — дзейсны спосаб прафіляктыкі, разам з дыстанцыяваньнем і апрацоўкай рук, лічыць ён.

Абвестка ў лякарні

«Тры тыдні таму максымальнае паступленьне за суткі было па 12-14 пнэўманіяў. Цяпер жа паступае адна», — адзначае мэдык. Ён дадае, што ў лякарні 89 ложка-месцаў, і іх запас заўжды заставаўся.

«Многія ставяцца да небясьпекі несур’ёзна»

На барацьбу з пандэміяй у Бялынічы выпраўляюць мэдыкаў з Магілёва. Адзін зь іх на ўмовах ананімнасьці паведаміў, што ў мясцовай лякарні падчас ягонай працы ляжала блізу 100 пацыентаў з каранавіруснай інфэкцыяй. За суткі паступалі да сямі новых. Асабліва цяжкіх адпраўлялі ў шпіталі абласнога цэнтру. Паводле яго, за тыдзень службовай выправы ў лякарні памерлі ад хваробаў, абвостраных каранавірусам, 4 чалавекі.

Найчасьцей у масках пабачыш людзей пажылога веку

Мэдык кажа, што пэрсанал лякарні, нягледзячы на «выдатна арганізаваную яе працу і ўкамплектаваньне ўсім неабходным, амаль увесь перахварэў».

Ён прызнаецца, што сам недаацэньваў, наколькі каранавірус заразны. Сымптомы абвастрэньня хваробаў ад яго разьвіваюцца дужа хутка. Такія пацыенты вымагаюць пільнага догляду, карпатлівага лячэньня і вялікай колькасьці прэпаратаў.

«У горадзе я ня бачыў шмат людзей у масках, — адзначае ён. — Думаю, што ў цэлым многія ставяцца да небясьпекі несур’ёзна. Яны ўспрымаюць каранавірус як сэзонны грып, таму махаюць рукой на рызыку заражэньня і апраўдваюць нядбайнасьць тым, што ўсе мусяць перахварэць».

На вуліцах райцэнтру ў выходныя

Суразмоўца мяркуе, што Магілёўшчына толькі пачала «даганяць» іншыя рэгіёны, дзе каранавірус пашырыўся значна раней. На ягоную думку, можа, толькі цяпер «пачынаецца сур’ёзны яго ўздым».

Дырэктарка дому-інтэрнату для пажылых: «Асяродак каранавірусу лякалізаваны»

На ўскрайку Бялынічаў месьціцца дом-інтэрнат для пажылых і інвалідаў. У ім жывуць пад тры сотні чалавек, але тэрыторыя бязьлюдная. Для пастаяльцаў дзейнічае рэжым ізаляцыі. Вядома, што сярод пацыентаў раённай лякарні з дыягнаставаным каранавірусам ёсьць і пастаяльцы гэтага дому-інтэрнату. Як сьцьвярджаюць жыхары райцэнтру, ва ўстанове была ўспышка каранавірусу. Кажуць, што ёсьць і памерлыя.

Belarus — "Mask regime" in Białyničy (Belynichi), 28jun2020

Дырэктар дому-інтэрнату Сьвятлана Зайкоўская сьцьвярджае: асяродак лякалізаваны. Колькасьць пацярпелых пастаяльцаў ад інфэкцыі яна адмовілася называць, але зазначыла: «Іх значна меней за палову».

«У нас хворыя ўсе бессымптомныя ці ў лёгкай форме, альбо ўжо пралечаныя, — кажа Сьвятлана Зайкоўская. — Калі нехта быў шпіталізаваны, то забіраем зь лякарні. У прынцыпе, у нас усё ў парадку. Тут жа жывуць людзі з многімі хваробамі, таму знаходзяцца ў зоне рызыкі нават у звычайнай сытуацыі. Многія адзінокія, ня маюць родзічаў, ёсьць такія, што не былі сацыялізаваныя».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыхар Гомля дамогся, каб прычынай сьмерці бацькі напісалі пнэўманію і каранавірус, а не анкалёгію

Паводле яе, дому-інтэрнату дапамаглі сродкамі засьцярогі валянтэры. Прадстаўнікі санстанцыі ды аховы здароўя арганізавалі жыцьцё інтэрнату так, каб зрабіць бясьпечным пражываньне пастаяльцаў і працу пэрсаналу. З 29 красавіка пэрсанал працуе вахтавым мэтадам: па два тыдні супрацоўнікі застаюцца ў доме-інтэрнаце.

«Перахварэць павінны ўсе»

Дабраўся COVID-19 і ў глыбінку Бялыніцкага раёну. Па словах жыхара вёскі Эсьмоны, якая ў 12 кілямэтраў ад райцэнтру, у іх выявілі два выпадкі каранавіруснай інфэкцыі. Яе прывезьлі вяскоўцы «з заробкаў». Каранавірус дыягнаставалі таксама ў сястры і швагра суразмоўцы, якія жывуць у Бялынічах.

Абвестка на аўтастанцыі

«Сястра ня дужа пакутавала, а вось швагер, якому за 60 гадоў, ледзь выкараскаўся. Ягоная дачка ў нашай лякарні ў хірургіі працуе, і ад яе ён, відаць, і набраўся», — апавядае ён.

Мужчына іранічна ўспрымае пытаньне, ці трымаюцца ў ягонай вёсцы масачнага рэжыму. «Усе мусяць перахварэць на COVID-19 у лёгкай ці цяжкай форме, — упэўнены ён, — і на маскі як паратунак асабліва разьлічваць ня варта».

Бялынічы рыхтуюць да Дня пісьменства

Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах зьбіраюцца адзначыць на пачатку верасьня. Цэнтральную вуліцу гораду і будынкі на ёй аўралам рамантуюць. Гаваркі пра перасоўваньне сьвята ў сувязі з пандэміяй няма. На думку мясцовых жыхароў, масачны рэжым улада ўвяла, каб зьменшыць пагрозы заражэньня каранарусам на шматлюдных імпрэзах.

Цэнтральная плошча гораду таксама на рамонце

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ