«Дэмакратычныя выбары ўзмоцняць сувэрэнітэт». МЗС Украіны пракамэнтавала выбарчую кампанію ў Беларусі

Пікет ля беларускай амбасады ў Кіеве, чэрвень 2020 году.

Міністэрства замежных спраў Украіны заявіла, што будзе ацэньваць прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі пасьля іх завяршэньня і публікацыі высноў афіцыйна запрошаных назіральнікаў.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пасьля выбараў будзе яшчэ цікавей, я вам абяцаю», — Лукашэнка пра «Бабарыкіна», трактар і візыт Пампэо 

«Украіна як прыхільніца сувэрэнітэту і незалежнасьці Беларусі выступае за правядзеньне свабодных і мірных выбараў з забесьпячэньнем фундамэнтальных свабодаў грамадзян Беларусі, рэгістрацыю патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта без палітычна матываваных абмежавальных захадаў», — адзначаецца ў адказе ўкраінскага замежнапалітычнага ведамства на запыт журналістаў украінскага «Громадського телебачення».

Дыпляматы ня сталі камэнтаваць сытуацыю з затрыманьнем і арыштам прэтэндэнта ў кандыдаты Віктара Бабарыкі і кіраўніка ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай, яе мужа Сяргея Ціханоўскага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Беларусі перадрэвалюцыйная сытуацыя, вэртыкаль улады можа абрынуцца зьнянацку», — украінскі палітоляг

У адказе МЗС Украіны выкарыстана афіцыйная інфармацыя беларускіх дзяржаўных органаў аб падазрэньнях у дачыненьні да Віктара Бабарыкі і заява кіраўніцы ЦВК Лідзіі Ярмошынай аб тым, што абедзьве каманды працягваюць удзел у выбарчай кампаніі.

«Правядзеньне свабодных і дэмакратычных выбараў у Беларусі, бяз вонкавага ўмяшаньня, узмоцніць яе сувэрэнітэт і незалежнасьць і будзе нагодай для далейшага разьвіцьця ўкраінска-беларускай супрацы», — адзначаецца ў адказе МЗС Украіны.

Таксама ўдакладняецца, што рабіць высновы пра вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі можна будзе пасьля назіраньня за іх ходам афіцыйна запрошанымі назіральнікамі і іх завяршэньня.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.