Дасьледаваньне: кожны пяты беларус жыве за мяжой беднасьці

Ілюстрацыйнае фота

На працягу апошніх 3 гадоў Беларусі зьніжалася колькасьць людзей, якія жывуць у беднасьці, што зьвязана з паступовым аднаўленьнем эканомікі краіны пасьля крызісу 2015–2016 гадоў. Аднак за мяжой беднасьці ўсё яшчэ знаходзіцца кожны пяты жыхар краіны, вынікае з дасьледаваньня BEROC.

Навуковы супрацоўнік BEROC Алег Мазоль вывучыў узровень дабрабыту насельніцтва Беларусі і выявіў, што ў 2019 годзе ўзровень абсалютнай беднасьці ў краіне зьнізіўся на 2,4 працэнтныя пункты — з 23,9% да 21,5% ад агульнай колькасьці насельніцтва. Годам раней колькасьць малазабясьпечаных скарацілася на 6,6 працэнтных пункта.

У рэгіянальным разрэзе самы высокі ўзровень абсалютнай беднасьці па-ранейшаму ў Магілёўскай вобласьці — у 2019 годзе ён склаў 31%. За апошні год павялічылася колькасьць бедных таксама ў Менску (з 8,6% да 13,1% насельніцтва) і ў Віцебскай вобласьці (з 25% да 27% насельніцтва).

Паменшылася колькасьць бедных у Менскай і Горадзенскай абласьцях — з 25,4% да 17,8% і з 23,1% да 17% насельніцтва адпаведна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Белстат падлічыў, колькі беларусаў жывуць за мяжой беднасьці, а колькі маюць звыш 500 даляраў даходу

Глыбіня абсалютнай беднасьці (4,8%) паказвае на тое, што цяперашні эканамічны крызіс пагражае рэзкім павелічэньнем долі беднага насельніцтва ў асноўным за кошт найбольш уразьлівых груп: гэта дзеці ва ўзросьце да 18 гадоў, шматдзетныя сем’і і жыхары сельскай мясцовасьці.

Варта адзначыць, што дадзеныя дасьледчага цэнтру BEROC адрозьніваюцца ад афіцыйнай статыстыкі, згодна зь якой колькасьць малазабясьпечаных у Беларусі ў 2019 годзе складала 5%. Такая розьніца зьвязаная з адрозьненьнямі ў мэтадалёгіі дасьледаваньняў.

BEROC выкарыстоўвае мэтад разьлікаў, які рэкамэндуе Сусьветны банк, заснаваны на разьліку абсалютнай лініі беднасьці з выкарыстаньнем мэтаду ацэнкі выдаткаў на задавальненьне базавых патрэбаў. Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі адносіць да малазабясьпечаных людзей, якія валодаюць рэсурсамі менш за бюджэт пражытковага мінімуму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі за мяжой беднасьці знаходзіцца больш за 400 тысяч чалавек. Які рэгіён лідэр у бедняках
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто ў Эўропе найбяднейшы. Адной карцінкай
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Злосьць, крыўда, апатыя. Што адчуваюць жыхары найбяднейшага раёну Гомельшчыны