ВУП у першым паўгодзьдзі 2020 году ўпаў на 1,7%

Беларускі валавы ўнутраны прадукт (ВУП) у студзені — чэрвені 2020 году склаў 66,3 млрд рублёў, або на 1,7% менш, чым у першай палове 2019 году, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт.

Валавы ўнутраны прадукт (ВУП) — макраэканамічны паказьнік, які характарызуе выніковы кошт усіх аказаных паслуг і вырабленай прадукцыі ў краіне за год. Узровень ВУП — вызначальная эканамічная велічыня для кожнай краіны.

Рэцэсія ў беларускай эканоміцы паглыбляецца: паводле вынікаў першага кварталу ВУП зьнізіўся на 0,3%, у студзені — красавіку — на 1,3%.

Прамысловая вытворчасьць за студзень — травень зьменшылася на 3,1% у параўнаньні зь першым паўгодзьдзем 2019 году.

Урад прагназаваў рост ВУП ​у 2020 годзе на 1,9–2,8%. Міжнародныя фінансавыя інстытуты прагназавалі Беларусі падзеньне ВУП на 4–6% на фоне нэгатыўнага ўплыву глябальнай пандэміі каранавірусу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сусьветны банк: Беларусь чакае найгоршы эканамічны спад за чвэрць стагодзьдзя

У траўні Мінэканомікі паведаміла, што чакае захаваньня тэмпаў зніжэньня ВУП у першым паўгодзьдзі 2020 году, але лічыць, што з трэцяга кварталу эканоміка пачне аднаўляцца.

У 2019 годзе рост эканомікі Беларусі склаў 1,2% пасьля ўздыму на 3% у 2018 годзе і на 2,4% у 2017 годзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 458 мільёнаў рублёў стратаў за 4 месяцы. Што адбываецца з эканомікай і хто яе ўратуе?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На падтрымку беларускай эканомікі падчас пандэміі ўлады далі $9,5 млн