Дональд Трамп будзе праводзіць «тэлефонныя мітынгі». З прычыны COVID-19

Дональд Трамп у масцы супраць каранавірусу наведвае Нацыянальны вайскова-мэдыцынскі цэнтар Уолтара Рыда ў штаце Мэрыленд , 11 ліпеня 2020 году

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп з прычын эпідэміі COVID-19 замяніў традыцыйныя перадвыбарчыя мітынгі тэлеканфэрэнцыямі, паведамляе CNN.

Ён ужо правёў першы «тэле-мітынг» 17 ліпеня. У выступе Трамп зазначыў, што ЗША «добра спраўляюцца» з пошукам вакцыны ад COVID-19.

«Але пакуль гэтае пытаньне ня вырашана, цяжка праводзіць вялікія мітынгі, таму я буду праводзіць іх па тэлефоне, і мы будзем называць іх „мітынгамі Трампа“», — прыводзіць CNN словы прэзыдэнта ЗША.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп выказаўся супраць увядзеньня масачнага рэжыму ў ЗША

Трамп адмовіўся ад традыцыйных перадвыбарных сустрэч пасьля чэрвеньскага мітынгу ў Аклахоме, які Дэпартамэнт аховы здароўя штату назваў прычынай новага ўсплёску выпадкаў COVID-19.

У сярэдзіне ліпеня Трамп упершыню з пачатку пандэміі зьявіўся на публіцы ў ахоўнай масцы. Яго крытыкавалі за тое, што ён ігнаруе рэкамэндацыі экспэртаў сваёй жа адміністрацыі насіць маску ў грамадзкіх месцах. Учора Трамп выказаўся супраць увядзеньня масачнага рэжыму ў ЗША.

Выбары прэзыдэнта ЗША пройдуць 3 лістапада 2020 году. Дональд Трамп, як і ў 2014-м, прадстаўляе рэспубліканцаў, ад дэмакратаў ідзе віцэ-прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн.