Турэцкі бізнэсовец у судзе з Цапкалам 17 разоў згадаў імя яго жонкі

Бізнэсовец Сэдат Ігдэджы перад Першамайскім судом у Менску адказвае на пытаньні журналістаў

Суд Першамайскага раёну Менску прызначыў на 3 жніўня паўторнае папярэдняе пасяджэньне па пазове грамадзяніна Беларусі, бізнэсоўца турэцкага паходжаньня Сэдата Ігдэджы да Валера Цапкалы аб абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі.

Такое рашэньне сёньня прыняла судзьдзя Вольга Багам’я, бо адказчык Валер Цапкала ў суд не зьявіўся. Ён папрасіў прызначыць паўторнае папярэдняе пасяджэньне і паведаміць належным чынам пра месца і час яго правядзеньня. Сёньня справа разглядалася ў адсутнасьць адказчыка.

Сэдат Ігдэджы мае прэтэнзіі да выказваньняў Валера Цапкалы на яго афіцыйным канале 7 ліпеня, пры адказах на пытаньні карыстальнікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Проста я хачу вярнуць свае грошы». Бізнэсовец пра сваю заяву на Валера Цапкалу

Адвакат бізнэсоўца Алег Стоцкі сказаў, што Валер Цапкала паведаміў адносна Сэдата Ігдэджы несапраўдныя зьвесткі, якія ганьбяць гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю падабароннага.

Паводле адваката, гэтыя зьвесткі ганьбяць, бо было сказана, што Сэдат Ігдэджы «зьяўляецца махляром і ашуканцам». Гэта дыскрэдытуе яго асобу і дзелавую рэпутацыю.

Сэдат Ігдэджы выказаў меркаваньне, што Валер Цапкала зрабіў такія заявы з прычыны абвінавачаньняў у хабары. Сэдат Ігдэджы ў судзе згадаў зьвесткі, якія выклаў раней у заяве генпракурору аб проціпраўнай дзейнасьці Цапкалы, тэкст якой трапіў у СМІ. Таксама ён зноў расказаў пра будаўніцтва дома Цапкалы.

У сёньняшнім выступе ў судзе Сэдат Ігдэджы 17 разоў назваў імя жонкі Валера Цапкалы Веранікі, хоць у заяве ў Генпракуратуру ён яе амаль ня згадваў. Сэдат Ігдэджы сказаў, што вырашыў апублікаваць зьвесткі пра Валера Цапкалу, калі той заявіў пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі і прадаў дом. Маўляў, беларускі народ павінен ведаць, хто такія Вераніка і Валер Цапкалы. Сэдат Ігдэджы сказаў, што любіць палітыку Аляксандра Лукашэнкі, хоць асабіста зь ім не знаёмы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС праводзіць праверку «супрацьпраўнай дзейнасьці Валера Цапкалы»

Пасьля паседжаньня суду Сэдат Ігдэджы сказаў журналістам, што «калі трэба», можа падаць заяву ў Генпракуратуру і на Вераніку Цапкалу.

Суд далучыў да справы матэрыялы, якія падаў пазоўнік, пра пералічэньне грошай на афшорныя кампаніі, якімі нібыта кіраваў Цапкала, пра адпачынак сям’і Цапкалаў, а таксама дакумэнты, якія тычацца будаўніцтва дома. Паводле адваката, яны пацьвярджаюць матывы Цапкалы — чаму ён паведаміў непраўдзівыя зьвесткі:

«Каб мы скептычна ставіліся да гэтых дакумэнтаў і лічылі, што яны нічога не пацьвярджаюць. Такім чынам ён спрабаваў дыскрэдытаваць зварот Сэдата Ігдэджы ў праваахоўныя органы», — сказаў адвакат.

У пазове Сэдат Ігдэджы патрабуе выдаліць відэа «Прамое ўключэньне Валера Цапкалы» за 7 ліпеня з Youtube-канала. І разьмясьціць абвяржэньне, што відэа выдалена, «бо часткова ўтрымлівала зьвесткі, якія не адпавядаюць рэчаіснасьці і ганьбяць гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю Сэдата Ігдэджы».

Раней Сэдат Ігдэджы падаў заяву ў Генэральную пракуратуру па «фактах супрацьпраўнай дзейнасьці» патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Валера Цапкалы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Турэцкі бізнэсовец падаў яшчэ адзін пазоў супраць Валера Цапкалы — за зьнявагу

Цапкала пакуль ня мае намеру зьяўляцца на пасяджэньне суду

Кіраўнік штабу Валера Цапкалы Аляксей Урбан сказаў карэспандэнту Свабоды праз тэлефон, што Валер Цапкала ня будзе камэнтаваць пазоў Сэдата Ігдэджы і пакуль ня мае намеру зьяўляцца на пасяджэньне суду. Паводле юрыста Цапкалы, нават у адкрытых крыніцах можна знайсьці зьвесткі, «якія поўнасьцю пацьвярджаюць меркаваньне Цапкалы пра гэтага чалавека».

«Пазыцыя абароны будзе агучана толькі ў судзе», — заявіў Урбан.

Напрыканцы чэрвеня Сэдат Ігдэджы падаў заяву ў Генэральную пракуратуру па «фактах супрацьпраўнай дзейнасьці» патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Валера Цапкалы. Аднак дагэтуль пракуратура не паведаміла бізнэсоўцу пра вынікі разгляду заявы.