Лукашэнка амапаўцам: «Хлопцы мусяць разумець, што яны ў сваім доме і нікому не дазволена іх біць нагамі» 

Спробы нападаць на праваахоўнікаў павінны мамэнтальна спыняцца. Аб гэтым Аляксандар Лукашэнка заявіў, наведваючы вайсковую частку 3214 унутраных войскаў МУС.

Аляксандра Лукашэнку суправаджалі міністар унутраных спраў Юры Караеў, камандуючы ўнутранымі войскамі Юры Назаранка, камандзір вайсковай часткі 3214 Уладзімер Жызьнеўскі, камандзір СОБРу Аляксандар Быкаў, камандзір АМАПу ГУУС Менгарвыканкаму Дзьмітры Балаба, паведамляе БелТА.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ярмошына абвінаваціла штабы Бабарыкі і Цапкалы ў арганізацыі масавых пратэстаў

Аляксандар Лукашэнка адзначыў, што бачыў кадры адной з вулічных акцый у Менску, дзе людзі нападаюць на міліцыю і нават б’юць праваахоўнікаў нагамі.

«Вось гэтага вы не павінны дапускаць. Хлопцы мусяць разумець, што яны ў сваім доме і нікому не дазволена іх біць нагамі. Ні ў якім разе на правакацыі не ісьці, але не крыўдзіць хлопцаў. А то мы хутка даскачамся, будзем няньчыцца, як у дзіцячым садку», — сказаў Лукашэнка, зьвяртаючыся да Балабы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманаму з чаргі ў краму Symbal.by адмовілі ў завядзеньні крымінальнай справы супраць АМАПу

Лукашэнку паказалі ўзоры тэхнікі, якія могуць выкарыстоўвацца для правядзеньня спэцапэрацый, а таксама прадэманстравалі занятак з батальёнам спэцыяльнага прызначэньня.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.