Навошта ўладзе спатрэбіліся «расейскія баевікі». Тлумачыць Віталь Цыганкоў

Кадры затрыманьня меркаваных расейскіх баевікоў у Менску. Кадры тэлеканалу АНТ

Беларуская ўлада на чале з Аляксандрам Лукашэнкам завяршае сваю палітычную трансфармацыю ў пэрсаналісцкі вайсковы рэжым, піша палітычны аглядальнік Свабоды Віталь Цыганкоў.

Сьцісла

  • Калі пытаньне аб захаваньні ўлады паўстае ўсур’ёз, то без «баевікоў» не абысьціся.
  • Магчыма, мэта — проста напалохаць людзей, стварыць атмасфэру ваенных дзеяньняў.
  • Верагодна, што затрыманыя «баевікі» пачнуць даваць «паказаньні» пра свае сувязі з апазыцыяй, магчыма, з аб’яднаным штабам Ціханоўскай.
  • Размова можа весьціся пра ўвядзеньне (элемэнтаў) надзвычайнага становішча.
  • Улады хочуць паказаць лягічнай пабудову закрытага вайсковага рэжыму таму, што «вакол адны ворагі».

У гісторыі з расейскімі «затрыманымі баевікамі» Аляксандар Лукашэнка зноў прадэманстраваў сваю ўнікальную здольнасьць прадбачыць некаторыя падзеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржаўныя СМІ: У Беларусі затрымалі 33 расейскіх баевікоў, у краіну «прыбылі звыш 200 баевікоў»

24 ліпеня кіраўнік Беларусі заявіў: «На Майдан, калі сваіх няма, іх падцягнуць з боку. Гэта прафэсійныя вайскоўцы, бандыты, якія адмысловы рыхтуюцца, у асноўным у рамках прыватных вайсковых кампаніяў».

І вось якое супадзеньне (Супадзеньне? Ня думаю). У той самы дзень, адразу пасьля гэтых заяваў, «група баевікоў» прыбыла ў Беларусь — як паведамляюць афіцыйныя крыніцы, «у ноч з 24 на 25 ліпеня».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра «ПВК Вагнэра», баевікоў якой нібыта затрымалі ў Беларусі

Зьвяртаньне да тэмы «баевікоў» чарговым разам пацьвердзіла, што калі пытаньне аб захаваньні ўлады паўстае ўсур’ёз, то без такіх «супадзеньняў», без правакацыяў, без «баевікоў», без «арматуры, закапанай у лесе», бяз «дохлых пацукоў у водаправодзе» ўлада абысьціся ня можа.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дохлыя пацукі, баевікі, прарыў мяжы. Як улады рэагавалі на выбары і масавыя пратэсты ў Беларусі

Пытаньне цяпер — сказаўшы «А», якое «Б» падрыхтавала ўлада? Магчыма, мэта — проста напалохаць людзей, стварыць атмасфэру ваенных дзеяньняў. Нагнятаць атмасфэру напярэдадні пікету Ціханоўскай у Менску, які прызначаны на 30 ліпеня, каб людзі, убачыўшы валтузьню вакол баевікоў, не прыйшлі, сталі асьцерагацца праяўляць сваю палітычную актыўнасьць. Гэта, аднак, праграма-мінімум.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мітынг Ціханоўскай у Асіповічах скасавалі. У плянах застаецца мітынг-канцэрт 30 ліпеня ў Менску

Але вельмі верагодна, што гэтым не абыдзецца. Цалкам магчыма, што затрыманыя «баевікі» пачнуць даваць «паказаньні» пра свае сувязі з апазыцыяй, магчыма, з аб’яднаным штабам Ціханоўскай.

Не выключаю, што размова ідзе пра ўвядзеньне (элемэнтаў) надзвычайнага становішча. Магчыма, на некалькі дзён, як 25 сакавіка 2017 году, калі на вуліцы Менску вывелі вайсковую тэхніку і арыштоўвалі дзясяткі людзей па надуманай «справе патрыётаў». У такім варыянце гэтыя крокі спатрэбяцца толькі на час да заканчэньня выбарчай кампаніі. А потым усё будзе вернута назад, «баевікоў» выпусьцяць без прад’яўленьня абвінавачаньня, нібыта іх і не было.

Аднак ня выключана, што, паколькі нават «перамога» на выбарах ня скончыць пратэставую актыўнасьць беларусаў, то мы пабачым заканчэньне трансфармацыі рэжыму з аўтарытарнага з элемэнтамі імітацыйнай дэмакратыі ў пэрсаналісцкі вайсковы аўтарытарны рэжым.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Слабасьць Лукашэнкі: народная любоў мінула, засталася адна грубая сіла

За апошнія паўгода быў зроблены (і ў кадрах, і ў дзеяньнях) даволі актыўны дрэйф менавіта ў гэтым кірунку. На пачатку 2020-га кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта стаў Ігар Сергеенка, генэрал-маёр КДБ. У чэрвені быў заменены ўрад, і прэм’ер-міністрам быў прызначаны сілавік Раман Галоўчанка, старшынём Дзяржкантролю стаў яшчэ адзін генэрал-маёр КДБ Іван Тэртэль. Прэзыдэнцкая кампанія ўжо паставіла рэкорды па колькасьці затрыманых, нерэгістрацыі і пасадках патэнцыйных кандыдатаў — таму яе варта называць ня выбарамі, а «спэцапэрацыяй». А выкрытыя «баевікі» сталі заканамерным вянцом гэтай апэрацыі.

І, дарэчы, выбар расейскай прыватнай вайсковай кампаніі для канчатковага заканчэньня такога павароту цалкам апраўданы. Бо лягічна будаваць закрыты вайсковы рэжым менавіта таму, што «вакол адны ворагі», ня толькі на Захадзе, але і на Ўсходзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сярод затрыманых у Беларусі баевікоў шмат выхадцаў з Украіны, — цэнтар «Міратворац»

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.