На мітынг кандыдаткі Ціханоўскай у Смаргонях сабраліся больш за тысячу чалавек, нягледзячы на дождж. ФОТА, ВІДЭА

Мітынг кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай у Смаргонях, 31 ліпеня

Кандыдатка ў прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская працягнула паездкі па Беларусі разам з паплечніцамі з аб’яднанага штабу — Марыяй Калесьнікавай з каманды Віктара Бабарыкі і Веранікай Цапкалай. А 13-й гадзіне 31 ліпеня мітынг пачаўся ў Смаргонях.

На мітынг, нягледзячы на дождж і працоўны час, сабраліся сотні жыхароў 37-тысячнага гораду. Паводле ацэнак «Нашай нівы», на мітынг прыйшлі больш за 1100 чалавек.

Акцыя пачалася пад парасонамі, ды ўжо праз паўгадзіны пасьля пачатку дождж спыніўся, а праз гадзіну выйшла сонца. Некаторыя наведнікі мітынгу стаялі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, белымі і чырвонымі балёнікамі, плякатамі. Быў і прынамсі адзін дзяржаўны чырвона-зялёны сьцяг.

31 ліпеня Ціханоўская таксама правядзе мітынгі ў Маладэчне (15:30, стадыён на вуліцы Машэрава, 6а) і Лідзе (19:00, плошча перад ГЦ «Патсдам», вуліца Лётная), 2 жніўня паедзе ў Горадню, Ваўкавыск і Слонім, 3 жніўня — у Баранавічы і Берасьце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзьмітрыеў і Ціханоўская анансавалі сустрэчы з выбарнікамі ў рэгіёнах. Іншыя кандыдаты абыходзяцца бязь мітынгаў

Іншы кандыдат Андрэй Дзмітрыеў 31 ліпеня выступіў на мітынгу ў Жодзіна, вядзе мітынг у Крупках, пасьля паедзе ў Воршу (17:00, шпацыр вуліцай Леніна ад мэдычнага каледжу праз курган Неўміручасьці да СШ №17). 1 жніўня ён выступіць на мітынгах у Наваградку, Шчучыне, Скідзелі і Горадні, 2 жніўні — у Горадні, Мастах, Ваўкавыску, Слоніме і Міры.

Кандыдаты Ганна Канапацкая, Аляксандар Лукашэнка і Сяргей Чэрачань перадвыбарчых мітынгаў не праводзяць. Канапацкая 31 ліпеня правяла сваю першую сустрэчу з выбарнікамі на птушкафабрыцы «Заходняя» ў Столінскім раёне.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.