Консул Расеі: затрыманыя ў Беларусі 33 грамадзяніна «не разумеюць, чаму ім інкрымінуюць сувязь з апазыцыяй»

Кадр з рэпартажу дзяржаўнай тэлевізіі пра затрыманьне меркаваных баевікоў

У эфіры тэлеканалу «Россия 1» консул амбасады Расеі ў Беларусі Кірыл Плетнеў заявіў, што затрыманыя 33 грамадзяніна Расеі, якіх у Беларусі называюць баевікамі ПВК «Вагнера», не разумеюць, чаму ім закідаюць сувязь з апазыцыяй, перадае «РИА Новости».

«Мы, вядома, пастараліся падбадзёрыць расейцаў, але, павінен шчыра сказаць, што нашы суайчыньнікі знаходзяцца ў не самай лепшай маральна-псыхалягічнай форме, — сказаў Кірыл Плетнеў. — Яны не разумеюць, чаму ім інкрымінуюць сувязь з апазыцыйнымі лідэрамі Беларусі, прозьвішчы якіх большасьць з іх ніколі ня чулі».

Консул заявіў, што затрыманыя ехалі празь Беларусь транзытам, каб пасьля трапіць у Турэччыну, а адтуль — у краіну Лацінскай Амэрыкі.

Тым часам беларускі бок сьцьвярджае, што Турэччына была «прыкрыцьцём», а расейцы яшчэ да таго, як «спазьніліся на рэйс», нібыта зьбіраліся застацца ў Менску.

Афіцыйна пра сувязь затрыманых зь беларускімі апазыцыянэрамі не паведамлялася, але Сьледчы камітэт згадваў затрыманых расейцаў, Сяргея Ціханоўскага і Міколу Статкевіча ў адным паведамленьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: АНТ пра «вагнэраўцаў»: Вылет у Турэччыну — прыкрыцьцё, загадзя плянавалі застацца пад Менскам
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўскі і Статкевіч адрэагавалі на новыя крымінальныя справы і інфармацыю пра змову з баевікамі

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.