SpaceX правяла першыя выпрабаваньні ракеты для калянізацыі Марса

Ракета Starship на палігоне ў Тэхасе

Амэрыканская карпарацыя SpaceX правяла пасьпяховыя лётныя выпрабаваньні прататыпу другой ступені ракеты-носьбіта Starship. Пуск прайшоў на палігоне ў Тэхасе, трансьляцыя вялася на Ютуб-канале NASASpaceFlight.

Падчас выпрабаваньняў прататып падняўся на 150 мэтраў, перамясьціўся ўбок і зьдзейсьніў мяккую пасадку на зададзеную частку выпрабавальнай пляцоўкі.

Starship — гэта пэрспэктыўная звышцяжкая ракета, якая складаецца зь дзьвюх шматразовых ступеняў. Другая мае служыць у якасьці грузавога або пасажырскага касьмічнага карабля.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканскія астранаўты з новага карабля Crew Dragon прывадніліся ля берагоў Флорыды

SpaceX распрацоўвае Starship для перавозкі людзей і грузаў на Месяц і, у пэрспэктыве, для калянізацыі Марса. Паводле задумы распрацоўшчыкаў, ракета-носьбіт павінна выводзіць на арбіту карысную нагрузку масай больш за 100 тон.