Амэрыканскі палітоляг Ёфэ: Паглыбленьне расколу зробіць Беларусь яшчэ больш уразьлівай

Аляксандар Лукашэнка галасуе на ўчастку ў Менску 9 жніўня 2020

Вынікі выбараў і пасьлявыбарчыя пратэсты мы папрасілі пракамэнтаваць амэрыканскага экспэрта па Беларусі, прафэсара Рэдфардзкага ўнівэрсытэту, аўтара кнігі пра Аляксандра Лукашэнку Грыгорыя Ёфэ.

Грыгоры Ёфэ

— Старшыня ЦВК Ярмошына агучыла папярэднія лічбы вынікаў выбараў па некалькіх раёнах краіны. Паводле яе, паўсюль перамог Лукашэнка — ад 67% у Ленінскім раёне Менску да 94% у чатырох раёнах Магілёўшчыны. Экзыт-пол афіцыйнага дасьледнага цэнтру паказаў суадносіны па краіне: за Лукашэнку — каля 80%, за Ціханоўскую — каля 7%. На ваш погляд, наколькі гэта адпавядае сапраўднаму волевыяўленьню з улікам тых шматтысячных мітынгаў, якія зьбірала Сьвятлана Ціханоўская па ўсёй краіне?

— Лягчэй за ўсё было б пайсьці насустрач энтузіязму пратэставага руху і, пасыпаўшы галаву попелам, абурыцца гэтымі дадзенымі. Я днямі чытаў артыкул Раманчука, які прыводзіць падлікі — у Беларусі 2.7 мільёны пэнсіянэраў, больш за мільён бюджэтнікаў плюс 15-25% «зайздроснікі, маральныя садысты, прапагандысты, гультаі і лузэры». Яраслаў — лібэральны эканаміст, які ад усёй душы падтрымлівае пратэставы рух. Але ён мае даволі цьвярозы погляд на структуру электарату. Пра такой структуры перамагчы Лукашэнку даволі складана. У некаторых акругах Менску можна, але ў цэлым па краіне складана.

Іншае пытаньне — які маштаб фальсыфікацыяў? Пры лічбе датэрміновага галасаваньня ў 41.7% гэты маштаб можа быць вялікім. Хутчэй за ўсё, рэальны расклад не такі, як вынікае з лічбаў, агучаных Лідзіяй Ярмошынай. Але магчыма і нават імаверна, што ён усё роўна на карысьць дзейнага прэзыдэнта. Паводле НІСЭПД у 2010 годзе вынік быў 51%, а ад тых, хто прыйшоў на выбары — 58%. Мне здавалася, што калі б атачэньне Аляксандра Рыгоравіча праявіла неабходную мудрасьць і ня стала задзіраць адсотак, гэта, магчыма, у пэўнай ступені супакоіла б некаторых людзей. Хаця я не ўпэўнены.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітыка Лукашэнкі да каранавірусу гуманная і асэнсаваная, — прафэсар Ёфэ

— А як бы вы маглі пракамэнтаваць дадзеныя плятформы «Голас» — у іх зарэгістравалася каля мільёна чалавек і сярод іх 80% прагаласавалі за Ціханоўскую?

— Гэта натуральна, там пераважна зарэгістраваліся прыхільнікі Ціханоўскай. Гэта добра пракамэнтаваў Генадзь Давыдзька — калі ў куратніку будзе пастаўленая на галасаваньне ліса, яна і 3% не набярэ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шрайбман: Гэта выйшла нябітае пакаленьне

— А як вы ацэньваеце дадзеныя экзыт-полаў на замежных выбарчых участках, паводле іх за мяжой Ціханоўская атрымала поўную перавагу?

— Я цалкам давяраю гэтым дадзеным. Я ня ведаю, як наконт Масквы, дзе стаяла доўгая чарга, але сьвята веру ў тое, што гавораць пра Лёндан, Брусэль, Варшаву. Там, хутчэй за ўсё, Ціханоўская сапраўды перамагла з разгромным лікам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абноўлены вынік экзыт-полу на замежных участках: больш за 85 працэнтаў за Ціханоўскую

— А зараз пытаньне пра пратэсты і жорсткія сутыкненьні маніфэстантаў і сілаў правапарадку, якія адбываліся ўвечары і ўначы 9 жніўня, пасьля завяршэньня галасаваньня — як вы іх можаце пракамэнтаваць?

— Гісторыя ўсё расставіць па сваіх месцах. Але 26 гадоў — гэта велізарны тэрмін. Аляксандар Рыгоравіч паводле эстэтычных крытэраў быў непрымальны для дастатковай колькасьці ўрбанізаванай публікі, найперш у Менску. Так было з сярэдзіны 1990-х гадоў. Сёньня гэты сэгмэнт насельніцтва, які яго не прымае, безумоўна істотна павялічыўся.

Працягласьць яго знаходжаньня ва ўладзе — гэта найбольш уразьлівы момант. Напэўна маюць рацыю тыя, хто кажа, што прайграўшы на выбарах, пратэставы рух атрымаў маральную перамогу. На працягу доўгага часу рэдкія аўтары выказвалі меркаваньне, што самым уразьлівым элемэнтам беларускай нацыянальнай супольнасьці зьяўляецца адсутнасьць нацыянальнай кансалідацыі. Прэйгерман напісаў у красавіку на гэтую тэму артыкул, які быў успрыняты ў штыхі. Лукашэнка, наведваючы ўчастак, дзе ён галасаваў, сказаў, што ён гатовы размаўляць са сваімі апанэнтамі, але ён не прымае супрацьзаконных дзеяньняў. Калі гэта ня проста словы, гэта было б добра — калі б гэты пратэставы рух стаў бы неяк дамаўляцца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Начны пратэст у Менску. ШМАТ ФОТА

Цяпер гэта здаецца амаль ненавуковай фантастыкай, таму што ступень узаемнай лютасьці вельмі высокая. Але ў пэрспэктыве я не ўяўляю, як можа існаваць краіна з такім узроўнем расколу, настолькі некансалідаваная. Яна знаходзіцца паміж двух гігантаў — Расеі і ЭЗ. Чым больш будзе здаровага розуму па абодва бакі гэтага расколу, тым больш рук будзе пададзена, тым лепш для будучыні Беларусі.

Немагчыма далёка ўехаць на ўзаемным маральным абурэньні. Трэба неяк супакоіцца і дамаўляцца. Уладная вэртыкаль да апошняга часу была даволі кансалідаваная. І разам са сваякамі гэта даволі вялікая частка грамадзтва. Ёсьць шмат дробных прадпрымальнікаў, я асабіста ведаю некаторых, якія падтрымліваюць дзейную ўладу. Паглыбленьне расколу зробіць Беларусь яшчэ больш уразьлівай і яна можа проста не захавацца як незалежная дзяржава.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рэпрэсіяў няма, на перамовы згодны». Што Лукашэнка сказаў журналістам

— І ў якіх формах, на ваш погляд, гэтае паразуменьне можа адбыцца?

— Яно адбудзецца ня заўтра, бо ступень узаемнай лютасьці вельмі высокая. Але пройдуць тыдні, месяцы і нешта адбудзецца. Сам Лукашэнка разумее, што пэрыяд яго знаходжаньня ва ўладзе падыходзіць да канца. Некалі ж ён прыйдзе да канца. Магчыма, ён сам будзе рабіць крокі ў гэтым накірунку. Сёньня гэта гучыць як фантастыка. Але ў аддаленай пэрспэктыве я ня бачу ніякай альтэрнатывы нацыянальнай кансалідацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску адбыліся сутычкі з праваахоўнікамі, ёсьць параненыя. Людныя пратэсты былі ва ўсіх абласных цэнтрах, шэрагу буйных гарадоў