«Дыялёг немагчымы». Каля будынку АНТ страйкуюць супрацоўнікі. ФОТА

Ілюстрацыйнае фота

Карэспандэнт Свабоды перадае, што каля будынку АНТ страйкуюць каля 10 супрацоўнікаў АНТ. Яны выйшлі з плякатам «АНТ за свабоду слова».

Іх падтрымліваюць іншыя ўдзельнікі акцыі салідарнасьці. Людзі застаюцца каля будынку, сюды падвозяць ваду і раздаюць печыва, аўтамабілі сыгналяць у падтрымку. Цэнтральны ўваход у будынак зачынены.

Свабода пагутарыла з супрацоўніцай АНТ пра тое, чаму тая далучылася да забастоўкі.

«Мы выйшлі, бо ня згодныя з тым, што адбываецца ў краіне. Спрабавалі размаўляць з кіраўніцтвам, каб зьмякчыць палітыку на тэлеканале, але нічога не мяняецца. Мы зразумелі, што дыялёг немагчымы. Зразумелі, што толькі страйкам можам паўплываць на тое, што адбываецца».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супрацоўнікі БТ дамовіліся страйкаваць да выкананьня іхных умоваў, але будуць здымаць актуальныя сюжэты

Цяпер, зь яе словаў, 25 чалавек падпісалі агульны ліст з патрабаваньнямі, але на канале працуюць каля 280 чалавек. Шмат хто, кажа яна, звольніўся яшчэ раней. Жанчына тлумачыць, чаму супрацоўнікі могуць баяцца далучацца да страйку. Напрыклад, яна будуе жытло і падпісала абавязаньне не звальняцца 5 гадоў. Калі звальняецца, то мусіць выплаціць камэрцыйны кошт жытла.

«Але момант, калі гэтыя абавязаньні ня маюць ужо аніякага значэньня, наступіў, — кажа жанчына. — Хаця я думаю, шмат у каго такая ж сытуацыя».

У пратэсьце бярэ ўдзел лідэр сацыял-дэмакратаў Ігар Барысаў. Ён заклікаў ствараць страйкамы, каардынавацца і прызнаваць Сьвятлану Ціханоўскую прэзыдэнтам. Ён паведаміў, што на БТ пададзена заява на прадастаўленьне партыям, незалежным прафсаюзам, грамадзкім арганізацыям жывога эфіру, каб расказаць пра сытуацыю ў краіне.

Такая ж заява будзе пададзена кіраўніцтву СТВ і АНТ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «20-гадовую студэнтку ва ўпор расстрэльвалі гумавымі кулямі». Сям’я пра катаваньні на Акрэсьціна