Практычна на ўсіх прадпрыемствах ствараюцца страйкамы, — Беларускі незалежны прафсаюз

Страйк шахтароў у Салігорску 17 жніўня 2020 г.

Практычна на ўсіх прадпрыемствах ствараюцца страйкавыя камітэты, паведаміў БелаПАН старшыня Беларускага незалежнага прафсаюзу Максім Пазьнякоў.

«Працоўныя выстаўляюць свае патрабаваньні. Асноўныя зь іх: адстаўка Лукашэнкі, сумленныя выбары, спыненьне гвалту з боку сілавікоў і расьсьледаваньне таго, што адбылося, пакараньне вінаватых», — сказаў Пазьнякоў.

Паводле яго, сёньня да сваіх адміністрацыяў людзі выходзілі на «Нафтане» і «Паліміры» ў Наваполацку. «Выступалі, выстаўлялі патрабаваньні. Пагражаюць бестэрміновым страйкам у выпадку іх невыкананьня. На „Гродна Азоце“ — тое ж самае. „Беларуськалій“ (Салігорск) ужо пачаў спыняць вытворчасьць», — паведаміў прафсаюзны лідэр.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Усе шахты «Беларуськалію» спынілі працу. Асноўнае патрабаваньне — адстаўка Лукашэнкі

«Практычна на ўсіх прадпрыемствах ствараюцца страйкамы, празь якія будуць каардынавацца дзеяньні рабочых. І гэтыя прадпрыемствы будуць спыняцца. Рашучасьць у людзей сур’ёзная. Людзі не даруюць такога гвалту з боку сілавікоў, які быў на вуліцах нашых гарадоў», — заявіў Пазьнякоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шэсьце рабочых менскіх заводаў праз увесь Менск. ФОТА

17 жніўня падчас сустрэчы з працоўнымі Менскага заводу колавых цягачоў Аляксандар Лукашэнка зноў заявіў, што ўладу не аддасьць. «Яны людзей атруцілі сацсеткамі. І ў некаторых склалася думка: усё, улады няма, улада ўпала. Улада ніколі не ўпадзе. Вы мяне ведаеце. Зь імі мы разьбяромся. Проста трэба патрываць», — сказаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка на МЗКЦ: «Пакуль вы мяне не забʼяце, іншых выбараў ня будзе»

«Я разумею, што многія напружаныя сытуацыяй, якая склалася на вуліцах, што там быў гвалт і гэтак далей і да таго падобнае. Адказваю вам на гэтае пытаньне. Патрэбная была падстава для таго, каб вы крычалі: „Сыходзь!“ Добрая падстава. Хоць не без таго, вы ведаеце, што я даручыў разабрацца з кожным фактам. Не без таго, што нехта трапіў пад гэтую раздачу», — заявіў Лукашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На БМЗ прыпынілі працу печы, працоўныя заблякавалі ўезд транспарту

Лукашэнка сьцвярджае, што сілавыя дзеяньні сталі «вынікам правакацыяў з боку пэўных удзельнікаў вулічных беспарадкаў, а аднаму з праваахоўнікаў наагул зламалі хрыбетнік».

«На правакацыі будзем адказваць адпаведным чынам, — падкрэсьліў Лукашэнка. — Супакойцеся. Калі ў кагосьці ёсьць дзеці, вазьміце галаву ў рукі і зразумейце, што ніколі вайсковы чалавек вам не даруе, калі вы яго бʼяце ў сьпіну на аўтамабілі. Я прасіў перад гэтымі падзеямі: не правакуйце іх. Яны будуць абараняць свае семʼі, на якія сёньня ідзе націск праз сацыяльныя сеткі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы: Падчас вулічных пратэстаў загінулі ня менш за пяць чалавек, сем — у крытычным стане