Канада, Ірляндыя не прызналі вынікі выбараў у Беларусі

Міністар замежных справаў Канады Франсуа-Філіп Шампань заявіў, што Канада не прызнае вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі і заклікае правесьці новыя.

«Мы не прымаем вынікі гэтых сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі і заклікаем да свабодных і сумленных выбараў», — цытуе Шампаня Radio Canada International.

«Канада далучаецца да сваіх партнэраў у міжнароднай супольнасьці з асуджэньнем расправы зь мірнымі пратэстоўцамі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі», — дадаў Шампань.

Канадзкі міністар таксама заклікаў АБСЭ правесьці дакладнае расьсьледаваньне падзей, зьвязаных з выбарамі і міліцэйскім гвалтам у Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: АБСЭ прапануе візыт у Беларусь для перамоваў з удзельнікамі супрацьстаяньня

Вынікаў беларускіх выбараў не прызнала таксама Ірляндыя. Міністар замежных справаў Ірляндыі Сайман Кавэні заявіў, што ягоная краіна ня лічыць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі легітымнымі.

«Гэтыя вынікі не былі легітымнымі, пра што сьведчаць запалохваньні і затрыманьні, якія адбываліся да і пасьля выбараў, і рэакцыя дзяржаўных уладаў на маштабныя і пераважна мірныя акцыі пратэсту, якія цяпер праходзяць па ўсёй краіне», — адзначыў міністар замежных справаў Ірляндыі Сайман Кавэні ў заяве, разьмешчанай на сайце свайго ведамства.

«Ірляндыя не ўспрымае вынікі выбараў як сапраўднае адлюстраваньне дэмакратычнай волі беларускага народу», — дадаў Кавэні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік дыпляматыі Эўразьвязу: Мы падтрымліваем жыхароў Беларусі, якія хочуць пераменаў ужо цяпер