Незалежныя прафсаюзы ўзялі на сябе каардынацыю дзейнасьці агульнанацыянальнага страйкавага камітэту

Рабочыя горадзенскага заводу «Азот»

Незалежныя прафсаюзы, якія ўваходзяць у Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў, заявілі, што бяруць на сябе каардынацыю працы дзеля стварэньня агульнанацыянальнага страйкавага камітэту.

«На прадпрыемствах Беларусі ствараюцца страйкамы. Сытуацыя ў краіне патрабуе ад нас адзінства і каардынацыі дзеяньняў, каб дамагчыся выкананьня нашых патрабаваньняў адстаўкі Лукашэнкі і правядзеньня сумленных выбараў. Прапануем усім камітэтам узгадніць свае дзеяньні і быць гатовымі да ўзаемадапамогі і сумесных выступаў», — гаворыцца ў заяве незалежных прафсаюзаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рабочы ММЗ: «Афіцыйны прафсаюз нам не дапамагае, хутчэй падтрымлівае адміністрацыю»

Беларускі Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў, выкарыстоўваючы досьвед, веды і сілы незалежных прафсаюзаў, бярэ на сябе каардынацыю працы для стварэння агульнанацыянальнага страйкавага камітэту.

Заяву падпісалі:

  • старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук,
  • старшыня Беларускага незалежнага прафсаюзу Максім Пазьнякоў,
  • лідэр прафсаюзу Работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч,
  • старшыня Свабоднага прафсаюзу мэталістаў Аляксандар Бухвостаў,
  • старшыня Свабоднага прафсаюзу беларускага Мікалай Шарах.