«Лукашэнка выкарыстоўвае для ўтрыманьня ўлады фашысцкія мэтады», — партыя «Справядлівы сьвет» зьвярнулася да Расеі

Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет» выступіла са зваротам да органаў дзяржаўнай улады, партыяў, грамадзкіх аб’яднаньняў, грамадзян Расеі.

У выніку грубага парушэньня дзейнай уладай Канстытуцыі, законаў і міжнародных абавязаньняў Беларусі ў галіне выкананьня асноўных грамадзянскіх і палітычных правоў, а таксама аб’ектыўнага і заканамернага ў гэтых умовах грамадзкага пратэсту, разьвіваецца востры палітычны крызіс, гаворыцца ў звароце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская заклікала пашыраць забастоўкі

«Дэтанатарам масавага пратэсту сталі нахабныя дзеяньні выканаўчай вэртыкалі для фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў і тэрору з боку сілавых структураў. Мінімум тры чалавекі забітыя, сотні пакалечаных, 7 тысяч затрыманых. Вядомыя шматлікія факты зьверскага зьбіцьця і катаваньняў грамадзян ня толькі на вуліцах гарадоў, але і ў месцах ізаляцыі затрыманых. Сваёй цынічнасьцю і жорсткасьцю яны не саступаюць злачынствам, якія тварылі фашысты».

Нягледзячы на тое, што пратэсты ў Беларусі маюць унутраныя прычыны, з вуснаў некаторых расейскіх палітыкаў і шэрагу СМІ яны тэндэнцыйна трактуюцца як «антырасейскія». Пры гэтым менавіта Аляксандар Лукашэнка ўжо працяглы час наносіць адчувальную шкоду двухбаковым адносінам». Досыць успомніць ягоную перадвыбарчую рыторыку, абвінавачаньні Масквы ў спробах разгайдаць сытуацыю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 500 мэдыкаў запатрабавалі адстаўкі Лукашэнкі

«Ва ўмовах, калі абсалютная большасьць беларусаў не жадае далейшага знаходжаньня Лукашэнкі на пасадзе прэзыдэнта, заявы некаторых расейскіх палітычных дзеячаў служаць падарункам для тых вонкавых і ўнутраных сілаў, якія імкнуцца пасварыць нашыя народы. Гэтыя безадказныя дзеяньні нароўні са спэкуляцыяй самога Лукашэнкі, які заяўляе аб поўнай і безумоўнай падтрымцы яго з боку Крамля, наносяць калясальную шкоду двухбаковым адносінам».

У гэтай сытуацыі «Справядлівы сьвет» зьвяртаецца з заклікам да органаў дзяржаўнай улады, палітычных партыяў, грамадзкіх аб’яднаньняў і грамадзянаў Расейскай Фэдэрацыі:

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Amnesty International: Крымінальная справа супраць Каардынацыйнай рады — абуральнае парушэньне свабоды выказваньня думак
  • Падтрымаць беларускі народ у яго патрабаваньнях адстаўкі Лукашэнкі, які выкарыстоўвае для ўтрыманьня ўлады «фашысцкія мэтады»
  • Асудзіць дзеяньні беларускіх уладаў, якія дапускаюць грубы гвалт над удзельнікамі мірных пратэстаў і простымі грамадзянамі
  • Запатрабаваць выпусьціць усіх затрыманых і палітычных зьняволеных і спыніць перасьлед паводле палітычных матываў
  • Садзейнічаць кансалідацыі намаганьняў грамадзян, палітычных і грамадзкіх арганізацыяў дзьвюх краін, якія выступаюць за разьвіцьцё суседзкіх адносінаў паміж народамі Беларусі і Расеі.