«Мір у Беларусі залежыць ад Валянціна Сукалы», — кіраўнік ініцыятыўнай групы Канапацкай

Старшыня Вярхоўнага суду Беларусі Валянцін Сукала, архіўнае фота.

Адзіны орган, які цяпер можа захаваць сытуацыю ў Беларусі ў прававым полі, гэта Вярхоўны суд, лічыць палітык Ігар Лялькоў, давераная асоба кандыдаткі ў прэзыдэнты Ганны Канапацкай і кіраўнік яе ініцыятыўнай групы.

«Толькі Вярхоўны суд можа задаволіць скаргі кандыдатаў у прэзыдэнты Канапацкай, Дзьмітрыева і Ціханоўскай, прызнаўшы выбары 9 жніўня несапраўднымі», — адзначае Ігар Лялькоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ганна Канапацкая аспрэчыла вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Вярхоўным судзе

Згодна з артыкулам 81 Выбарчага кодэксу Беларусі, наступным крокам павінны стаць паўторныя выбары. І гэта, як вынік, стане выйсьцем зь юрыдычнага тупіку і палітычнага крызісу.

«Іншая справа, ці асьмеліцца на гэта старшыня Вярхоўнага суду Валянцін Сукала? 78 гадоў чалавеку, ці гатовы ён падумаць пра вечнасьць? Ад яго сёньня залежыць мір у Беларусі», — падсумоўвае Ігар Лялькоў.