МУС заявіла, што затрымалі «каардынатара», датычнага да «фінансаваньня пратэстаў» 

Пратэсты ў Менску, ілюстрацыйнае фота

МУС Беларусі паведаміла пра затрыманьне жыхара Менска, які нібыта за грошы шукаў «масоўку» для ўдзелу ў пратэстных акцыях.

«У Менску міліцыянты выявілі аднаго з каардынатараў незаконных вулічных акцыяў. 34-гадовы мянчук займаўся пошукам і фінансаваньнем новых удзельнікаў», — напісала ў Telegram прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Быхаўцаў палохаюць крымінальнай адказнасьцю за ўдзел у пратэстах. Міліцыя просіць пратэстоўцаў задумацца пра асабістую бясьпеку

Зь яе словаў, супрацоўнікі міліцыі затрымалі жыхара Менска, які расказаў пра сустрэчу з «каардынатарам» і яго просьбу сабраць масоўку для ўдзелу ў акцыі пратэсту за грошы.

«Каардынатар падышоў да яго ў адной з цэнтральных прадуктовых крамаў і прапанаваў сабраць каля 10-12 чалавек для ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве палітычнага характару. Пасьля атрыманьня згоды незнаёмец даў пасярэдніку 60 рублёў, а таксама купіў яму сьпіртное і прадукты», — паведамляе прадстаўніца МУС.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Марш супраць забойстваў і гвалту ў Берасьці. СТРЫМ СВАБОДЫ

Сустрэчу супольнікаў, нібыта заплянаваную на 19 жніўня, спынілі апэратыўнікі. У дачыненьні да абодвух мужчын праводзіцца праверка.