Дзясяткі тысяч пратэстоўцаў на праспэкце Незалежнасьці ў Менску. ФОТА і ВІДЭА

Калёны жыхароў Менску ў цэнтры гораду Марш новай Беларусі, 23 жніўня 2020 году.

А 15.30 мітынгоўцы на праспэкце Незалежнасьці абвесьцілі хвіліну маўчаньня ў памяць пра загінулых у ходзе пратэстаў.

Карэспандэнт Свабоды ацэньвае колькасьць пратэстоўцаў толькі на праспэкце Незалежнасьці ў дзясяткі тысяч чалавек.

Менск, 23 жніўня 2020 году.

Яны занялі праезную частку і ходнікі праспэкту ад Кастрычніцкай плошчы і рухаюцца ў бок плошчы Незалежнасьці, дзе ля Дому ўраду ўжо сабраліся больш за 10 тысяч чалавек.

Плынь людзей ідзе сюды і зь іншых вуліц у цэнтры Менску. Пакуль інцыдэнтаў не заўважана, у тым ліку ля будынкаў МУС і КДБ.

Менск, 23 жніўня 2020 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску пачаўся «Марш новай Беларусі», ля Дому ўраду тысячы чалавек, ідуць калёны з іншых раёнаў горада

Супрацоўнікі праваахоўных органаў, якія дзяжураць на праспэкце Незалежнасьці, папярэджваюць аб незаконнасьці мерапрыемства, просяць пакінуць праезную частку і разысьціся, аднак пакуль нікога не затрымліваюць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар абароны Хрэнін прыгразіў, што пратэстоўцы «будуць мець справу з арміяй»

Тым часам, на плошчы Перамогі, акрамя супрацоўнікаў праваахоўных органаў, выстраіліся вайскоўцы. Яны ў камуфляжнай форме і бронекамізэльках, у касках і балаклавах на тварах, узброеныя аўтаматамі Калашнікава.