«Трое сутак мы стаялі, вэтэраны разам са спэцназам і АМАПам, і разграмілі іх на галаву». На мітынгу за Лукашэнку выступіў Паўлічэнка

На праўладным мітынгу за Аляксандра Лукашэку 25 жніўня

25 жніўня каля Камароўскага рынку а 19-й гадзіне пачаўся праўладны мітынг у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі. На ім, сярод іншага, выступіў Дзьмітры Паўлічэнка, экс-камандзір вайсковай часткі 3214 і экс-камандзір СОБР, якога падазравалі ў зьнікненьні апанэнтаў Лукашэнкі, паведамляе Tut.by.

Ён сказаў, што выступае ад імя вэтэранаў МУС, якія ў «ліхія 90-я» «абаранілі горад ад бандытызму і экстрэмізму на вуліцах». Пасьля гэтага, як сказаў Паўлічэнка, «20 гадоў мы жылі ў міры і спакоі».

«Што ж адбылося цяпер? Банды Ціханоўскай, гэтыя экстрэмісты, найміты, крымінальная сфэра... На жаль моладзь, некаторая частка, „апоеная“, „абкураная“, пачала граміць наш горад, і зноў АМАП і спэцназ сталі на яго абарону.

Трое сутак мы стаялі, вэтэраны разам са спэцназам і АМАПам, і разграмілі іх ушчэнт. Не дамо ж далей прасоўваць гэтыя экстрэмісцкія ідэі і экстрэмісцкія мэты. За „бацьку“, за Беларусь!» — сказаў Паўлічэнка.

Расейскі прапагандысцкі тэлеканал RT вядзе стрым з праўладнага мітынгу ля Камароўскага рынку. Камэра нерухома знаходзіцца ў адным месцы, відаць толькі парасоны. Выступаў амаль не чуваць. Адзін з прамоўцаў пачаў скандаваць «Беларусь – безь Ціханоўскай». Прысутныя падтрымалі крык некалькі разоў і сьціхлі.

Агулам сытуацыя на мітынгу спакойная, людзі размаўляюць у групах і мала цікавяцца прамоўцамі. Адзін з выступоўцаў кажа пра антырасейскую апазыцыю, згадвае лёзунгі «Чамадан, вакзал, Расея», «Хто ня скача – той м...ль» і крытыкуе Парашэнку.

На мітынгу за Аляксандра Лукашэнку каля Камароўскага рынку прысутныя скандуюць «Беларусь — гэта Лукашэнка».