Баец зь вядомага фота: я ратаваў хлопца, ён быў у алькагольным і наркатычным ап’яненьні. Хлопец: ні слова праўды

Гэты здымак з чалавекам, які ляжыць на газоне, а над ім, разьвёўшы рукі, стаіць сілавік, апублікавалі многія інфармацыйныя рэсурсы, і ня толькі ў Беларусі. Партал TUT. by паразмаўляў з абодвума яго героямі.

Фота было зроблена ў ноч з 9 на 10 жніўня ў раёне стэлы, дзе праваахоўнікі жорстка разагналі людзей, нязгодных з вынікамі прэзыдэнцкіх выбараў. 24 жніўня RT апублікавала відэа, у якім той самы баец расказаў сваю вэрсію таго, што адбылося. Паводле яго, ён ратаваў хлопца, які быў у моцным алькагольным і наркатычным ап’яненьні.

Але, паводле мэдычных дакумэнтаў, наркатычных рэчываў у крыві ў хлопца не было.

«Жыцьцё і здароўе чалавека — гэта вышэй за ўсё»

На відэа, апублікаваным RT, сілавік у масцы, чыё імя не называецца, расказвае, што, калі б ён тады ня выклікаў мэдыкаў, «магла быць бяда», бо ў затрыманага «было алькагольнае і вельмі моцнае наркатычнае ап’яненьне».

— У нас быў адзін затрыманы. Як потым высьветлілася, у яго было алькагольнае і вельмі моцнае наркатычнае ап’яненне. Нам потым ужо перадалі: дзякуй Богу, што знайшлі мэдыкаў, таму што магла быць бяда. Хлопец быў у нас, і яму стала вельмі дрэнна. Мы яго затрымалі, і ён знаходзіўся ў нашым транспарце. Я ўбачыў, за мэтраў сто ад нас стаіць хуткая мэдычная дапамога, і я даў каманду сваім хлопцам, што яго трэба ў гэтую хуткую дапамогу даставіць. Таму што жыцьцё і здароўе чалавека — гэта вышэй за ўсё. Яго трэба вылечыць, якім бы дрэнным ён ні аказаўся ў гэты вечар, памерці ён не павінен, ён павінен жыць, — расказвае на відэа сілавік.

Ён таксама кажа, што сам спрабаваў аказаць пацярпеламу дапамогу і прывесьці ў прытомнасьць.

— І тут жа, справа, мэтраў за 50, стаяць людзі і крычаць: «Адпусьці яго»! Я ім кажу, што аказваю яму мэддапамогу, а яны ня чуюць. Народ проста ашалеў. Тут я ўстаю, прыбіраю ад яго рукі, паказваю: я яго адпусьціў — і што цяпер? А ён ляжыць. Я сказаў свайму таварышу, разумеючы, што ад народу дапамогі няма, бяжы па мэдыкаў і вязі іх сюды.

Яўген Заічкін: «​Няма ні слова праўды»​

Той самы чалавек, які ляжыць на здымку, свайго імя, у адрозьненьне ад ананімнага супрацоўніка, ня ўтойвае. Яўген Заічкін кажа, што ў гэтым відэа няма ні слова праўды. Ён мяркуе, што яго сфатаграфавалі, калі з аўтазака пераносілі ў машыну хуткай дапамогі.

— У аўтазаку страціў прытомнасьць, мяне вырашылі перадаць мэдыкам. Што было далей, памятаю цьмяна.

Пабілі Яўгена пры затрыманьні: паводле яго, удары наносілі па ўсім целе, па галаве, разьбілі твар. Пры гэтым супраціву амапаўцам ён не аказваў — калі затрымлівалі, стаў на калені і падняў рукі.

«ЗЧМТ лёгкай ступені цяжкасьці, страсеньне галаўнога мозгу, рана верхняй губы. Дыстарсія капсульная-зьвязкавага апарату шыйнага аддзелу хрыбетніка», — гэта ўжо з эпікрызу, які Яўгену выдалі лекары бальніцы хуткай мэдычнай дапамогі. Пра алькаголь і наркотыкі — у дакумэнце, поўная вэрсія якога трапіла ў распараджэньні рэдакцыі TUT. by, ні слова. Там таксама ўказана, што пры паступленьні ў пацыента «ясная сьвядомасьць».

Як растлумачыў мэдык адной са сталічных лякарняў, гэты дакумэнт (эпікрыз) паказвае на тое, што чалавек ня быў у алькагольным і наркатычным ап’яненьні.

— Гэта юрыдычны дакумэнт, і калі ў чалавека маецца ап’яненьне таго або іншага тыпу, то гэта будзе паказана, — растлумачыў лекар.

У інтэрвію Свабодзе 10 жніўня Яўген Заічкін так расказваў пра захоп яго сілавікамі:

«Затрыманьне раптоўна адбылося. Мы выходзілі зь пераходу на Нямізе і рухаліся ў бок стэлы. Умомант спыніўся белы мікрааўтобус, адтуль выскачылі чалавек 5-6, можа больш, у чорным адзеньні з надпісам „АМАП“. Накінуліся на нас, пачалі заштурхоўваць у машыну. Я калі пабачыў, што яны бягуць, зразумеў, што гэта па нас. Я стаў на калені, выцягнуў рукі, каб паказаць, што ў мяне нічога няма. Але гэта іх не спыніла», — апавядае Яўген.

«Калі затрымлівалі, білі дубінкамі, дактары наклалі чатыры швы на губу, казалі, што страсеньне мозгу, але пераломаў няма. Крыві шмат выцекла. У аўтазаку я ўвесь быў у крыві, мне далі нейкую вату, яна засохла, папрыліпала да адзеньня».

Яўген усю ноч быў у шпіталі. А калі ранкам прыйшоў доктар і сказаў, што няма пераломаў, тады ён папрасіўся дахаты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У аўтазаку я быў увесь у крыві», — Яўген Заічкін, здымкі якога абляцелі інтэрнэт, жывы