«Ідзе зачыстка інфармацыйнага поля». Другі тыдзень Дом друку не выпускае буйных недзяржаўных газэтаў

Ілюстрацыйнае фота The Road Provides / Shutterstock

Другі тыдзень буйныя грамадзка-палітычныя недзяржаўныя СМІ ня могуць надрукаваць свае наклады ў Беларускім доме друку. Афіцыйныя прычыны — паломка абсталяваньня або адсутнасьць расходных матэрыялаў. Пры гэтым дзяржаўныя газэты працягваюць выходзіць, піша БелаПАН.

«„Комсомольская правда“ в Белоруссии» ня выйшла 18 і 20 жніўня. Нумары за 21, 22 і 25 жніўня надрукавалі ў Маскоўскай вобласьці. Купіць іх можна толькі ў буйных крамах і ў рэдакцыі.

Два запар нумары «Народнай волі», за 21 і 25 жніўня, таксама друкавалі ў Маскоўскай вобласьці.

Пасьля адмовы Дома друку выпусьціць нумар за 21 жніўня галоўны рэдактар газэты Ёсіф Сярэдзіч заявіў, што «Народная воля» будзе друкавацца, дзе толькі зможа: у падпольлі ў Беларусі, у Смаленску, Маскве, «нават у Новасібірску, калі спатрэбіцца».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новы нумар «Народнай волі» надрукавалі ў Маскоўскай вобласьці

25 жніўня ня выйшаў чарговы нумар штотыднёвіка «Свободные новости плюс». У рэдакцыйным камэнтары на сайце газэты гаворыцца: «Тлумачэньні такія ж, як і ў сытуацыі з нашымі калегамі зь іншых недзяржаўных СМІ, — паломка машыны, праблемы з тэхнікай. Зразумела адно: ідзе зачыстка інфармацыйнага поля, людзей спрабуюць адгарадзіць ад праўдзівага слова. Калі ўлада зразумее, што грубым ціскам, забаронамі насьпелыя ў грамадзтве праблемы ня вырашацца, ніхто ня ведае».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У дзяржаўнай друкарні чарговым разам «зламалася абсталяваньне». Ня выйшла «БелГазета»

Ня выйшаў 25 жніўня і чарговы нумар «БелГазеты». «Пра канчатковую адмову ў друку стала вядома раніцай у дзень выхаду. Да гэтага мы атрымалі інфармацыю ад шараговых супрацоўнікаў Дома друку пра тое, што чакаецца нейкая адмашка зьверху наконт таго, друкаваць нас ці не», — паведаміў БелаПАН галоўны рэдактар «БелГазеты» Кірыл Жываловіч.

«У кіраўніцтве друкарні ня могуць дакладна сфармуляваць прэтэнзіі да нас. За содні я пачуў сем тысяч вэрсій. То нібыта штосьці ня так з ілюстрацыямі ў нумары, то тэхнічныя праблемы з друкарскімі машынамі, што частка работнікаў ня выйшла на працу, то ў тэкстах нашых калумністаў ёсьць заклікі да зьвяржэньня ўлады, што ім хэштэг #ябатька не падабаецца, то ўсплываюць нейкія новыя абавязаньні ў нашых дамоўных адносінах з друкарняй, то заходзіць размова зь любімай у іх канфігурацыі „ну, вы ж усё разумееце“», — сказаў Жываловіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Салдат наўмысна стрэліў у журналістку «Нашай нівы» зь 10 мэтраў. Справу яшчэ не завялі

Паводле яго, на раніцу 26 жніўня працягваўся пошук варыянтаў, каб чытачы атрымалі нумар.

«Праблема ў тым, што, апроч адмовы ў друку, нам блякуюць і магчымасьці распаўсюджаньня. Ёсьць выйсьце — друкаваць у іншых друкарнях, у тым ліку ў Расеі ці Літве. Але з боку аднаго з нашых дзяржаўных партнэраў, які забясьпечвае дастаўку газэты падпісчыкам, гучаць дзіўныя намёкі пра тое, што яны гатовыя браць выданьне для распаўсюду толькі з Дома друку», — паведаміў Жываловіч.

Ён таксама нагадаў пра адказнасьць «людзям, якія заняліся адкрытай цэнзурай».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З БТ звольнілася аўтарка дзясяткаў фільмаў пра гісторыю Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінінфарм патлумачыў блякаваньне 9 беларускіх сайтаў