Сябра Каардынацыйнай рады зь Берасьця пакінуў Беларусь пасьля ператрусаў 

Марш супраць забойстваў і гвалту ў Берасьці

Берасьцейскі прадпрымальнік Андрэй Варонін, які ўвайшоў у склад Каардынацыйнай рады, зьехаў з краіны. Пра гэта ён напісаў у сваім Інстаграме.

Берасьцейцы ведаюць Андрэя Вароніна як уладальніка мэблевага брэнду Voronin Woodworks. Пасьля таго, як ён разгарнуў яшчэ і палітычную актыўнасьць, да яго прыйшлі зь ператрусам, майстэрню апячаталі. Прадпрымальніка падазраюць у нявыплаце падаткаў і ўтойваньні даходаў у асабліва буйным памеры. А гэта патэнцыйныя 5 гадоў зьняволеньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лідэра гурту «Дай дарогу!» Юрыя Стыльскага вызвалілі з позвай у суд

«Толькі ў нядзелю я ішоў па Менску з 200 тысячамі беларусаў, а сёньня ўжо на ўцёках, — напісаў прадпрымальнік. — Усё адбылося вельмі хутка, яны доўга з такімі рэчамі ня цягнуць. Мне апячаталі майстэрню з усімі станкамі, матэрыялам і вырабамі. Да бацькоў прыходзілі сьледчыя, праводзілі ператрус, перавярнулі ўсё дагары нагамі, напалохалі маму. Хлопцаў і дзяўчат з маёй каманды дапытвалі 5 гадзін».

Бізнэсовец прызнаецца, што сытуацыя непрыемная, але да такога разьвіцьця падзеяў ён быў гатовы. Адзінае, сядзець, як Віктар Бабарыка і Сяргей Ціханоўскі, паводле палітычна сфабрыкаваных справаў ня хочацца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Жабінцы пахавалі Генадзя Шутава, якому стрэлілі ў галаву падчас акцыі пратэсту ў Берасьці. ФОТА

«Ці зьвязана гэта з тым, што я ўвайшоў у склад Каардынацыйнай рады па Берасьцейшчыне? Ці зьвязана з маёй грамадзянскай пазыцыяй і пратэстам на працягу апошніх месяцаў? Вядома! Я ведаў, што ёсьць рызыка і давядзецца ахвяраваць сваім камфортным жыцьцём дзеля праўды. Дзеля таго, каб жыць і ведаць, што ты не прайшоў міма несправядлівасьці. Не змаладушнічаў, не заплюшчыў вочы на садызм і катаваньні. Нават калі на кон пастаўлена твая бясьпека».

Андрэй Варонін зьвярнуўся таксама да кліентаў, паабяцаўшы выканаць усе свае абавязаньні. Ён разьлічвае, што праз адвакатаў удасца разблякаваць майстэрню і дарабіць замовы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нават немцы такога не рабілі», — берасьцейскі хірург, які ратаваў параненых падчас пратэстаў 10 жніўня

«Можа, яны і змогуць адабраць у нас станкі і дрэва, але нашы ўменьні і навыкі ніхто не канфіскуе. Урэшце набудзем новае абсталяваньне і зноў будзем рабіць для вас прыгожыя рэчы», — падсумаваў берасьцейскі прадпрымальнік.