Кіраўнік МЗС Літвы заявіў пра неабходнасьць новых выбараў у Беларусі

Міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус

Міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус у лісьце кіраўніку МЗС Беларусі Уладзімеру Макею заявіў аб непрымальнасьці парушэньняў правоў беларускіх грамадзянаў, а таксама пра неабходнасьць правядзеньня ў краіне празрыстых выбараў для выхаду з «маральнага і палітычнага тупіку», паведамляе «Інтэрфакс».

Адказваючы на публічны заклік Макея ня ўмешвацца ў справы Беларусі і на крытыку з нагоды будучых санкцый, Лінкявічус заявіў, што беларускае кіраўніцтва «ўласнаручна разбурыла» існуючую ў ЭЗ надзею, што краіна мае намер адмовіцца ад рэпрэсій супраць апазыцыі, а таксама і «кволыя прыкметы наладжваньня супрацоўніцтва і канструктыўнага дыялёгу».

«Абуральныя парушэньні грамадзянскіх правоў, магчымыя злачынствы супраць уласных грамадзян непрымальныя для дэмакратычнай сувэрэннай дзяржавы і ніяк ня могуць апраўдвацца сувэрэнітэтам або ўнутранымі парадкамі», — сьцьвярджае Лінкявічус.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былая прэзыдэнтка Літвы: «Лукашэнку трэба палітычна і дыпляматычна ізаляваць»

Кіраўнік МЗС Літвы прызнаў, што «мы ня маем намеру і ня маем права ўмешвацца ва ўнутраныя справы іншай дзяржавы», і дадаў, што «незалежнасьць і сувэрэнітэт Белaрусі зьяўляецца гэтаксама і нашым нацыянальным інтарэсам». «Мы назіраем няздольнасьць улады весьці дыялёг са сваімі грамадзянамі», — сьцьвярджае літоўскі міністар.

«Так, мы сапраўды верым у магчымасьць і пэрспэктывы нармальных, добрасуседзкіх, цывілізаваных міждзяржаўных стасункаў паміж нашымі краінамі, але толькі з абавязковай прысутнасьцю менавіта цывілізаваных адносін і дыялёгу ўлады і грамадзянскай супольнасьці. Выхадам з гэтага маральна і палітычнага тупіку могуць паслужыць толькі новыя, празрыстыя і дэмакратычныя выбары кіраўніка дзяржавы», — падкрэсьлівае Лінкявічус.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макей папярэдзіў краіны Эўразьвязу наконт санкцыяў

Макей раней прызнаў у публічны лісьце, што ў Беларусі «цяпер складаная сытуацыя», аднак заклікаў Захад спыніць дапамагаць апазыцыі. «У нас цяпер складаная сытуацыя. Але ж якая з вашых краінаў не праходзіла балючыя этапы нацыянальнага сталеньня? Дайце і нам яго прайсьці. Лепш з вашай дапамогай, але бяз спроб прымусу з выкарыстаньнем палітычных, фінансавых і іншых відавочных рычагоў», — заявіў кіраўнік МЗС Беларусі.