«Спроба паставіць на калені беларускую культуру». Латушка пракамэнтаваў масавыя звальненьні з Купалаўскага тэатру

Павал Латушка, 26 жніўня

Былы дырэктар Купалаўскага тэатру і сябар прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Павал Латушка пракамэнтаваў масавыя звальненьні актораў, рэжысэраў і іншых супрацоўнікаў тэатру.

«Няма дзяржавы, няма краіны, няма нацыі без сваёй культуры. Як казаў Максім Гарэцкі, тэатар — храм нацыянальнага адраджэньня. Звальненьне актораў і супрацоўнікаў Купалаўскага — гэта не параза народу, не параза нацыі, гэта параза тых, хто ня ўмее слухаць, ня ўмее чуць. Можна прымусіць маўчаць, але спыніць думкі — немагчыма. Гэта нібы спроба паставіць на калені беларускую культуру», — сказаў Павал Латушка.

Паводле яго, грамадзянскі ўчынак купалаўцаў «дэманструе годнасьць беларускага народу і кажа, што гонар быць беларусам — найвялікшая каштоўнасьць».

«Купалаўцы ня здрадзілі традыцыям, ня здрадзілі сумленьню. Зьвяртаюся да ўсёй беларускай грамадзкасьці: давайце разам скажам на ўсю Беларусь, на ўвесь сьвет: мы — купалаўцы! І мы абавязкова вернемся!».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за палову трупы Купалаўскага тэатру звольнілі, не засталося ніводнага рэжысэра. Сьпіс звольненых

Раней прэсавы сакратар Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы Мікалай Заяц паведаміў Свабодзе, што сёньня звольнілі 58 актораў і супрацоўнікаў тэатру.

Усяго ў тэатры працуе каля 250 чалавек. Ад заўтрашняга дня становіцца менш на 58. Актораў у тэатры — 57, зь іх звольніліся 36. Яшчэ некалькі артыстаў пададуць свае заявы бліжэйшым часам. У тэатры не застаецца ніводнага рэжысэра.

Калі ў тэатры адновяцца пастаноўкі, пачнецца новы сэзон, цяпер няясна. Невядома таксама, што будзе з адзначэньнем 100-гадовага юбілею тэатру, якое раней заплянавалі на 14–16 верасьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галоўны дырыжор сышоў з Опэрнага тэатру праз два дні пасьля прызначэньня. Прычына — падтрымка Купалаўскага?

17 жніўня звольнілі дырэктара Купалаўскага тэатру Паўла Латушку, які ўзяў удзел у «Маршы Свабоды». У адказ больш за 100 чалавек уключна з акторскім складам падалі заявы на звальненьне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Павал Латушка пракамэнтаваў захоп Купалаўскага тэатру сілавікамі