Кіеў патлумачыў, што азначае рэжым замарожаных стасункаў зь Беларусьсю

Дзьмітро Кулеба

Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба заявіў, што Кіеў спыняе ўсе афіцыйныя кантакты зь беларускім бокам да поўнай стабілізацыі сытуацыі ў Беларусі.

«У звычайныя часы ў нас адбывалася мноства афіцыйных кантактаў на ўсіх узроўнях — на ўзроўні міністэрстваў, агенцтваў і гэтак далей. Гэта была нармальная практыка. Цяпер усе гэтыя кантакты мы ставім на паўзу да стабілізацыі сытуацыі ў Беларусі. Гэта таксама ўключае і працэс падрыхтоўкі да Форуму рэгіёнаў (Беларусі і Ўкраіны)», — заявіў Дзьмітро Кулеба, адказваючы на пытаньне Свабоды.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі ў размове з Пампэо выказаў надзею, што воля беларускага народу будзе рэалізаваная ў найбліжэйшы час

У той жа час міністар замежных спраў Украіны падкрэсьліў, што гаворка не ідзе пра разрыў дыпляматычных дачыненьняў:

«Мы ставім на паўзу падрыхтоўку і правядзеньне афіцыйных сустрэчаў. Але для разрыву дыпляматычных стасункаў няма ніякіх падстаў пакуль што. Беларускі пасол працягвае выконваць свае функцыі ва Ўкраіне».
Дзьмітро Кулеба ня выключыў, што ўкраінскі амбасадар, адкліканы раней зь Беларусі, пасьля завяршэньня кансультацый вернецца ў Менск.

Міністар замежных спраў Украіны таксама заявіў аб падтрымцы афіцыйным Кіевам альбанскай і швэдзкай ініцыятыў у рамках АБСЭ аб садзейнічаньні дыялёгу між урадам Беларусі і апазыцыяй, а таксама пазыцыі Эўразьвязу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна з 29 жніўня да 29 верасьня закрывае мяжу. Для рэпрэсаваных беларусаў уезд застанецца адкрытым

«Што датычыць далучэньня да санкцый Эўразьвязу... Мы пакуль што ня бачылі канчаткова зацьверджаных санкцыйных захадаў, але мы ўжо далучыліся да папярэдняй заявы з гэтай нагоды, і гэта сьведчыць, што мы цалкам падзяляем палітыку і падыходы Эўразьвязу. Калі пабачым рашэньне аб санкцыях, то будзем ухваляць пэўныя адпаведныя рашэньні ў гэтым пытньні», — заявіў Дзьмітро Кулеба.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Захад павінен выбачыцца перад беларусамі, якія апынуліся ў турмах, — фінскі палітоляг