Tut.by: Лукашэнка ў 10 разоў завысіў яўку на мітынгах у сваю падтрымку

Удзельнікі акцыі за Лукашэнку, Менск, 25 жніўня.

27 жніўня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў мітынгах за яго ўзялі ўдзел 3 мільёны чалавек. Tut.by на падставе адкрытых крыніцаў высьветліў, ці так гэта.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што на мітынгах яго падтрымала 3 мільёны чалавек

Каб атрымаць такую колькасьць людзей, штодня, пачынаючы ад першага афіцыйнага мітынгу 16 жніўня, і за наступныя 10 дзён у падтрымку Лукашэнкі павінна было выходзіць па 250 тысяч чалавек. Гэта прыкладна 2,65% ад усіх жыхароў краіны. 3 мільёны — каля 31% насельніцтва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стваральнік хэштэгу #ямыбатька распавёў, чаму падтрымлівае Лукашэнку

16 жніўня да Дому ўраду ў Менску на мітынг за Лукашэнку звозілі людзей з усёй краіны. Паводле МУС, сабралі 65 тысяч чалавек (паводле альтэрнатыўных падлікаў, удвая меней).

Далей партал дае падрабязную справаздачу па выніках арганізаваных уладамі мітынгаў у падтрымку Лукашэнкі па ўсёй краіне, звычайна гаворка пра сотні ці некалькі тысяч удзельнікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Краіна расколваецца, а Лукашэнка — гарант незалежнасьці. Як Давыдзька адказваў на пытаньні менчукоў, якія хочуць яго адклікаць

У адсутнасьць выразнай статыстыкі складана сьцьвярджаць, колькі людзей сапраўды выходзіла на вуліцы «у падтрымку міру, спакою і дзейнага прэзыдэнта».

Аднак калі прыняць за дадзенасьць, што кожныя суткі па ўсёй краіне ў мітынгах удзельнічаюць нават па 30 тысяч чалавек (як толькі аднойчы ўказала МУС), то ўсё роўна атрымаецца блізу 360 тысяч. А гэта на парадак менш, чым агучаныя Лукашэнкам 3 мільёны, робіць выснову Tut.by.