Міністар Лінкявічус пра пагрозы санкцыяў супраць Літвы: «Лукашэнка ідзе ва-банк»

Лінас Лінкявічус

Міністар замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус заявіў, што пагрозы Аляксандра Лукашэнка пра ўвод у адказ санкцый у дачыненьні да Літвы і Польшчы — гэта спроба любой цаной захаваць сваю пасаду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы ім пакажам, што такое санкцыі». Лукашэнка загадаў перавесьці транзытныя патокі зь літоўскіх партоў

«Гэта працяг ўсіх астатніх яго пагроз. Натуральна, што ён ідзе ва-банк, абараняецца ўсімі зразумелымі яму спосабамі. (...) Гэта яго натуральныя ахоўныя паводзіны для захаваньня сваёй пасады, не зьвяртаючы ўвагі ні на ўнутраную сытуацыю, ні на ціск міжнароднай супольнасьці», — сказаў Лінкявічус агенцтву BNS.

Акрамя таго, ён заявіў, што рэжым Беларусі павінен ацаніць эканамічнае становішча сваёй краіны і прыняць лягічныя рашэньні.

«Паглядзім, як гэта будзе выглядаць на практыцы, бо такія заявы гучалі ня раз і ня два. Я так уяўляю, што яны павінны ўлічваць і свае інтарэсы — краіна ў вельмі складанай эканамічнай сытуацыі, і яны павінны ўлічваць, якія шляхі і спосабы падтрыманьня эканомікі больш прымальныя», — сьцьвярджае Лінкявічус.

Міністар лічыць, што разбураць эканамічнае супрацоўніцтва Літвы і Беларусі нелягічна, бо яно выгаднае для абодвух бакоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча: няма ані памежных, ані геапалітычных, ані вайсковых рухаў адносна Беларусі