Міністры Эўразьвязу дамовіліся пра санкцыі супраць атачэньня Лукашэнкі, але ня супраць яго самога

Аляксандар Лукашэнка

Міністры замежных справаў краін Эўразьвязу 28 жніўня дамовіліся ўвесьці санкцыі супраць атачэньня Аляксандра Лукашэнкі, аднак яго самога ў санкцыйным сьпісе пакуль няма. Пра гэта заявіў высокі прадстаўнік ЭЗ у вонкавай палітыцы і бясьпецы Жузэп Бурэль у Бэрліне пасьля нарады кіраўнікоў замежнапалітычных ведамстваў краін Эўразьвязу.

Паводле Бурэля, міністры не змаглі дамовіцца, ці варта ўводзіць санкцыі супраць самога Лукашэнкі. Колькі беларускіх чыноўнікаў трапяць у чорны сьпіс, таксама пакуль незразумела. Бурэль паведаміў, што ўжо ўзгоднены сьпіс з прыкладна 20 чалавек, «высокага палітычнага ўзроўню», але, верагодна, ён будзе пашыраны. У ім — «людзі, якім ставіцца ў віну фальсыфікацыя вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі і гвалтоўнае здушэньне мірных пратэстаў у краіне», растлумачыў прадстаўнік ЭЗ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гандаль зь Беларусьсю складае толькі 2-3% ад усяго гандлю Літвы», — экспэрт пра пагрозы Лукашэнкі

Ён таксама адзначыў, што сьпіс падрыхтуе рабочая група ЭЗ: сьпіс будзе прадстаўлены «у найбліжэйшыя дні» і прыняты «так хутка, наколькі гэта магчыма».

Пры гэтым Бурэль адзначыў, што не ўпаўнаважаны агучваць «ні канкрэтную колькасьць, ні канкрэтныя імёны, занесеныя ў сьпіс, паколькі гэтая інфармацыя павінна быць абаронена да моманту ўвядзеньня санкцыяў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Беларусі пракамэнтавала заяву Ўкраіны пра замарожваньне кантактаў з афіцыйным Менскам