Макрон: Лукашэнка адмовіўся ад пасярэдніцтва АБСЭ

Эманюэль Макрон

Расейскае ўмяшаньне ў сытуацыю ў Беларусі было б «найгоршым варыянтам з магчымых». Такую думку выказаў у пятніцу прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон.

Так францускі прэзыдэнт адрэагаваў на словы прэзыдэнта Расеі пра падрыхтоўку «рэзэрву» зь ліку супрацоўнікаў расейскіх праваахоўных органаў на выпадак абвастрэньня сытуацыі ў Беларусі.

Па словах Макрона, у тэлефоннай размове з Пуціным ён наўпрост назваў непажаданым ваеннае ці паліцэйскае расейскае ўмяшаньне ў Беларусі.

Макрон заявіў, што ён і Мэркель хочуць, каб Пуцін пераканаў Лукашэнку ў неабходнасьці прыцягнуць АБСЭ ў якасьці пасярэдніка паміж уладамі Беларусі і пратэстоўцамі. Са словаў францускага прэзыдэнта вынікае, што Пуцін данёс гэтую ідэю да Лукашэнкі, аднак той зь ёю не пагадзіўся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады заблякавалі сайт «Нашай нівы» і Naviny.by

Паводле прэзыдэнта Францыі, ні ён, ні канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель не жадаюць «паўтарэньня таго, што адбылося ва Ўкраіне» ў 2014 годзе, калі пасьля масавых вулічных пратэстаў з краіны ўцёк прэзыдэнт Віктар Януковіч, а Расея пад маркай «абароны расейскамоўнага насельніцтва» анэксавала Крым, а затым аказала дапамогу сэпаратыстам у Данбасе, што прывяло да ўзброенага канфлікту, які працягваецца да гэтага часу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МЗС Латвіі: Я хачу, каб Эўразьвяз займаўся Беларусью і ў будучыні, а ня толькі да канца гэтага тыдня