Пуцін прызнаў выбары ў Беларусі легітымнымі: «У сьвеце не існуе нічога ідэальнага»

Уладзімір Пуцін

Расея прызнала легітымнасьць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, заявіў прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін, нагадаўшы, што павіншаваў Аляксандра Лукашэнку зь перамогай.

«Мы зыходзім з таго, што выбары адбыліся. Я адразу гэта зрабіў. Мы прызналі іх легітымнасьць. Я павіншаваў Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку зь перамогай на гэтых выбарах», — сказаў Пуцін у інтэрвію тэлеканалу «Россия-1».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макрон: Лукашэнка адмовіўся ад пасярэдніцтва АБСЭ

Кажучы пра выбары ў Беларусі, Пуцін адзначыў, што ў сьвеце наогул не існуе «нічога ідэальнага».

«Ні ў палітыцы, ні ў эканоміцы, ні ў сацыяльнай сфэры — дзе заўгодна. Нават у прыродзе няма нічога ідэальнага, хоць гэта найбольш дасканалая, Богам створаная сфэра», — сказаў Пуцін.

Адмову БДІПЧ АБСЭ ад назіраньня за выбарамі ў Беларусі ён назваў загадзя падрыхтаванай пазыцыяй.

«Таму хтосьці можа сумнявацца ў выніках, але ў мяне ёсьць усе падставы сумнявацца ў тым, што тыя, хто сумняваюцца, былі абсалютна сумленныя», — перакананы расейскі прэзыдэнт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ініцыятар «Акту аб дэмакратыі ў Беларусі» зьвярнуўся да Лукашэнкі і Пуціна