Міністар спорту даручыў падначаленым скасаваць падпіску на газэту «Прессбол», якая дае слова крытыкам улады 

Міністар спорту і турызму Сяргей Кавальчук

Да журналістаў трапіў пратакол даручэньняў Міністэрства спорту і турызму за подпісам кіраўніка ведамства Сяргея Кавальчука.

Згодна з дакумэнтам, структурныя падразьдзяленьні (упраўленьні спорту і турызму аблвыканкамаў і Менгарвыканкаму, спартовыя клюбы Фэдэрацыі прафсаюзаў, таварыства «Дынама» ды іншыя) абавязаныя да 31 жніўня даць справаздачу аб падпісцы на спартовыя выданьні.

Даручэньне Мінспорту аб забароне падпіскі на "Прессбол"

У прыватнасьці, пункт даручэньня № 1 загадвае спыніць ад 31 жніўня дзяржаўную падпіску на друкаваныя выданьні рэдакцыі газэты «Прессбол», а таксама разарваць ранейшыя дамовы зь ёю на аказаньне рэклямных паслугаў.

Пункт № 2 абавязвае забясьпечыць «на пастаяннай аснове» дзяржаўную падпіску на газэту «Спортивная панорама», заснавальнікам якога ёсьць Міністэрства спорту і турызму.

Нядаўна газэта «Прессбол» надрукавала адкрыты ліст прадстаўнікоў спартовай галіны з палітычнымі патрабаваньнямі да ўладаў. Сярод іншага, там ідзецца пра новыя сумленныя выбары і пакараньне сілавікоў, датычных да гвалту над мірнымі пратэстоўцамі. Пад зваротам падпісаліся больш за 350 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Памянялі погляды нават тыя, хто горла драў за Лукашэнку», — на спартоўцаў ціснуць, а яны не здаюцца

Таксама на яе старонках расказваецца пра шматтысячныя маршы прыхільнікаў пераменаў, друкуюцца інтэрвію з спартоўцамі, якія бяруць у іх удзел.