Сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Кавалькову і Дылеўскага асудзілі яшчэ на 15 дзён арышту кожнага

Вольга Кавалькова, архіўнае фота

Кавалькову прызналі вінаватай ва ўдзеле ў мітынгу каля гатэлю «Плянэта» 23 жніўня. Яна віны не прызнала. Сёньня ў яе заканчваўся тэрмін адміністрацыйнага арышту з папярэдняга прысуду.

Вольгу Кавалькову затрымалі 24 жніўня каля прахадной МТЗ і асудзілі на 10-дзённы адміністрацыйны арышт, абвінаваціўшы ў арганізацыі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.

Яшчэ аднаму сябру Каардынацыйнай рады Сяргею Дылеўскаму прысудзілі 15 дзён арышту паводле артыкулу 23.34, частка 1 КаАП. Судьдзя Шабуня.

Кавалькова ў судзе заявіла пра катаваньні

У Кавальковай скончыўся тэрмін утрымання пад вартай сёньня аб 11:12. Яна прасіла суд вызваліць яе, пасьля чаго на сёньняшняе паседжаньне абяцала прыехаць сама з Акрэсьціна. Судьдзя адмовіла. Знаёміцца з акалічнасьцямі справы Кавальковай давялося з адвакатам праз скайп.

У судзе Кавалькова заявіла пра катаваньні і запатрабавала мэдычнай дапамогі.

«Гэта проста катаваньні, што адбываецца са мной. Я некалькі дзён ня спала нармальна, сёння ўначы я спала толькі адну гадзіну. Мне моцна баліць жывот цяпер, я не магу сядзець. Я маю патрэбу ў мэдычнай дапамозе», — сказала Кавалькова.

Вольгу Кавалькову абвінавацілі ва ўдзеле ў мітынгу 23 жніўня

Паводле матэрыялаў справы, 23 жніўня яна выступала на пляцоўцы каля гатэлю «Плянэта» «з выкарыстаннем гукаўзмацняльнай апаратуры». У якасьці доказаў у матэрыялах справы выкарысталі скрыншоты з парталу Tut.by і сайту газэты «Новы час».

23 жніўня ў Менску праходзіў «Марш за новую Беларусь». У ім узялі ўдзел дзясяткі тысяч чалавек. Людзі сабраліся каля Дому ўраду ў Менску, а адтуль праспэктам Незалежнасьці рушылі на праспэкт Пераможцаў. Марш завершыўся каля Палацу незалежнасьці. Менавіта ў той дзень зьявіліся кадры Аляксандра Лукашэнкі з аўтаматам і Мікалая Лукашэнкі ў вайсковай форме.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латушка: «Сёньня ў Беларусі больш ня дзейнічае заканадаўства»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каардынацыйная рада спрабавала зьвязацца з паслом Расеі, але безвынікова