У Латвіі гатовыя прыняць каля сотні беларускіх кампаній, дзесяць ужо прынялі рашэньне

Ілюстрацыйнае фота. Рыга, Латвія

Дзесяць беларускіх кампаній ужо прынялі рашэньне перанесьці сваю дзейнасьць у Латвію, каля сотні разглядаюць такую магчымасьць, паведаміў агенцтву LETA 7 верасьня дырэктар Латвійскага агенцтва інвэстыцый і разьвіцьця (ЛАІР) Каспар Рожкалнс.

Паводле яго, беларускія кампаніі зацікаўленыя ў магчымасьцях, якія прапануе Латвія.

«Латвійскае агенцтва інвэстыцый і разьвіцьця ўжо арганізавала першыя візыты беларускіх кампаній у Латвію. Усяго было праведзена больш за 100 кансультацый, а 10 кампаній ужо прынялі рашэньне аб частковым або поўным пераносе сваёй дзейнасьці ў Латвію», — паведаміў Рожкалнс.

Прыкладна на працягу тыдня ЛАІР кансультавала прадпрымальнікаў, якія разглядаюць магчымасьць пераносу сваёй дзейнасьці ў Латвію. Дырэктар агенцтва адзначыў, што прапановы Латвіі сур’ёзна разглядаюцца, сярод іншых, шэрагам вядучых беларускіх кампаній у галіне інфармацыйных і камунікацыйных тэхналёгій.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскі ўрад стварыў сайт, каб дапамагаць беларускім ІТ-спэцыялістам пераяджаць ва Ўкраіну

«Паралельна гэтыя кампаніі разглядаюць і іншыя варыянты, таму важна дзейнічаць хутка. Цяпер мы шчыльна супрацоўнічаем з Упраўленьнем па справах грамадзянства і міграцыі (УСГМ), памежнай аховай, установамі фінансавага нагляду і іншымі, каб падрыхтаваць адпаведныя і правераныя на практыцы інструкцыі для прадпрымальнікаў, якія прымуць рашэньне на карысьць Латвіі», — паведаміў Рожкалнс.

У Латвіі сфармавалі адмысловую каманду, якая апэратыўна апрацоўвае заяўкі ад беларускіх прадпрымальнікаў і прапануе магчымыя рашэньні, якія ўключаюць у сябе так званую стартап-візу ці «сінюю карту» Эўразьвязу, то бок выдачу часовага віду на жыхарства высокакваліфікаваным спэцыялістам і іх семʼям.