Прадстаўнікі Каардынацыйнай рады Краўцоў і Раднянкоў ужо ў Кіеве, дадуць прэс-канфэрэнцыю з нагоды ад'езду ва Ўкраіну 

Марыя Калесьнікава

Прадстаўнікі Каардынацыйнай рады Іван Краўцоў і Антон Раднянкоў, якія вымушана зьехалі ва Ўкраіну, выйшлі на сувязь.

Кажуць, што цяпер яны ўжо ў Кіеве, у бясьпецы, адчуваюць сябе добра, паведамілі ў штабе зьняволенага прэтэндэнта ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта ня быў добраахвотны выезд». Ва Ўкраіне абвяргаюць, што затрымалі сяброў Каардынацыйнай рады

Яны абяцаюць даць падрабязныя камэнтары на адмысловай прэс-канфэрэнцыі. Сустрэча з журналістамі заплянаваная ў Кіеве а 20-й гадзіне (вул. Яленаўская, 3). Плянуецца відэатрансьляцыя.

Дзе цяпер сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Марыя Калесьнікава, якая ехала зь імі адной машынай, па-ранейшаму невядома. Яе затрымалі на памежным пераходзе Аляксандраўка Нараўлянскага раёну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бацька Марыі Калесьнікавай зьняпраўдзіў заяву Лукашэнкі

Яе паплечнікі сьцьвярджаюць, што Калесьнікаву ўтрымліваюць на тэрыторыі памежнай часткі ў Мазыры. Памежны камітэт інфармацыю не пацьвярджае, але і не абвяргае.

Аляксандар Лукашэнка ў размове з расейскімі журналістамі заявіў, што Калесьнікава ўцякала да сваёй сястры ў Кіеў і яе затрымалі за парушэньне правілаў пераходу мяжы.