Беларуска прайшла па канаце над Ціхім акіянам зь бел-чырвона-белым сьцягам

Каб падтрымаць беларусаў, Катажына прайшла па канаце, нацягнутым на вышыні 34 мэтры над паверхняй Ціхага акіяну. Гэта адбылося ў Аўстраліі.

«Я спадзяюся, што камусьці ў Беларусі ад гэтага хаця б на хвілінку стане сьвятлей, — тлумачыць Катажына свой учынак. — Сьцяг пашылі ўсёй беларускай дыяспарай. Як толькі спыталіся, адразу дзьве жанчыны прапанавалі дапамогу, запрасілі дахаты».

Your browser doesn’t support HTML5

Захоплівае дух! Беларуска прайшла па канаце над Ціхім акіянам

Катажына фізык. «Мадэлюю плязму ўнутры порыстых матэрыялаў, у асноўным для мэдычнага ўжываньня», — кажа яна пра сваю працу.

Яна зь Менску, у Аўстраліі вучылася, атрымала стыпэндыю і засталася ў дактарантуры.

«„Хайлайнінг“ — гэта хобі» — кажа яна. — Адна з разнавіднасьцяў «слаклайнінгу» — хаджэньня па тросе на вышыні, але над паверхняй зямлі альбо вады.

«Пра Беларусь думаю заўжды, — кажа дзяўчына. — Кладуся спаць па менскім часе, а ў Аўстраліі гэта ўжо ранак. Думаю — як дапамагчы, што зрабіць, абы толькі яны не здаліся. І пра тое, якія ж беларусы малайцы!»

Яна кажа, што ў Аўстраліі цяжка патлумачыць, што адбываецца ў Беларусі.

«Аўстралійцы вельмі добразычлівы народ, ім цяжка ўявіць маштаб гвалту, беззаконьня, — тлумачыць яна. — Я паказваю ня самае жорсткае, напрыклад, як сілавік зьбівае люстэрка ў аўтамабіля. Глыбіню ўсяго гэтага проста не асэнсаваць. Тут чулі пра падзеі ў Беларусі і спачуваюць».

Катажына кажа, што яе сяброў затрымлівалі ў Беларусі, бо яны былі назіральнікамі на выбарах.

«Сябар кажа: „Мне вельмі пашанцавала“, — згадвае яна. — Аказваецца, яго зьбілі, гадзінамі трымалі на каленях на вуліцы і два дні не кармілі. І мы абое разумеем, што яму сапраўды пашанцавала».