У Салігорску затрымалі прадстаўніка страйкаму «Беларуськалію» Рамана Лявончыка

Мітынг пратэсту ў Салігорск, 17 жніўня 2020

Тэлеграм страйкаму ААТ «Беларуськалій» паведаміў пра затрыманьне свайго прадстаўніка Рамана Лявончыка.

Паводле страйкаму, ён знаходзіцца ў Салігорскім РАУС.

У РАУС адмовіліся Свабодзе пацьвердзіць затрыманьне Лявончыка, спаслаўшыся на тое, што даюць такую інфарамцыю толькі сваякам затрыманых.

З канца жніўня суды выносілі штрафы і рашэнні аб адміністрацыйных арыштах па артыкуле 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях у дачыненьні да прадстаўнікоў страйкаму Анатоля Бокуна, Уладзіміра Шыла, Дзяніса Тарасевіча, Мікалая Лявончыка, Мікалая Зіміна, Сяргея Казелькі, Пятра Печкурова.

17 жніўня ў Салігорску прайшоў сход страйкавага камітэта «Беларуськалія», на якім былі зацверджаныя патрабаваньні страйкоўцаў- шахцёраў. Сярод патрабаванняў: прызнаньне вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў несапраўднымі, прыцягненьне Аляксандра Лукашэнкі і старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай да адказнасьці за злачынствы супраць народа і фальсыфікацыю выбараў, вызваленьне ўсіх палітвязьняў і ўдзельнікаў мірных акцый, недапушчэньне прымяненьня мер адміністрацыйнага ўзьдзеяньня да ўдзельнікаў страйку.

Суд Менскай вобласці 11 верасьня прызнаў страйк шахцёраў «Беларуськалія» незаконным. Рашэньне вынесла судзьдзя Валянціна Караткевіч.